Блакит
Шрифт:
Пахаваньне Караткевіча было прызначанае на заўтра, і мы, а найперш Сяргей як загадчык сектаруа літаратуры, пасьпелі яшчэ прыняць удзел у арганізацыі і правядзеньні жалобных мерапрыемстваў. Разьвітаньне адбывалася ў вялікай зале Дома літаратара пры вялізным наплыве народу. Труна была ўбраная сьціплымі палявымі валошкамі і рамонкамі і нахіленымі, гатовымі пад серп сасьпелымі ўжо каласамі. У зале ўвесь час гучала музыка, але не жалобная, а, як таго пажадаў нябожчык, задумліва-журботныя народныя мелодыі...
Высьветліліся абставіны ягонай сьмерці. І было загадкай, і не было загадкі, чаму Уладзімір Сямёнавіч не дачакаўся, як было дамоўлена, нас з Юрмалы, чаму за пяць дзён да нашага вяртаньня накіраваўся ў тое падарожа са сваім даўнім сябрам – мастаком Пятром Драчовым? Магчыма, адчуў, што канчаюцца ягоныя дні, іх ужо ня хопіць, каб дачакацца нас і пасьпець разьвітацца назаўсёды з запаветнымі, дарагімі і любымі яму мясьцінамі. А мо аберагаў нас ад маральнай адказнасьці перад людзьмі і самімі сабой за тое, што магло ці нават мусіла здарыцца ў тым апошнім ягоным падарожжы... Хто ж яго ведае... Усё роўна спазьніўся – не даплыў... А нам не наканавана было пабачыць ягоныя райскія мясьціны з празрыстымі крынічнымі рэчкамі ў гранітных ложах, дзе кішма кішаць элегантныя, празваныя царскай рыбай стронгі, гаі, бары, дубровы, у якіх растуць аж паўмятровыя баравікі, чырвонагаловікі... І па сёньня не пакідае сумненьне: а мо і варта было паслухацца Караткевіча і адмовіцца ад той паездкі ў Юрмалу? Хто ж яго ведае...
На сваім жыцьцёвым шляху мне пашчасьціла сутыкацца, мець знаёмства, таварышаваць з многімі вядомымі і ня надта вядомымі, цікавымі і ня надта цікавымі людзьмі. Мог бы, у прыватнасьці, нямала расказаць пра гаворкі з патрыярхам нашай літаратуры Кандратам Крапівой, сустрэчы і бяседы з Максімам Танкам, Янкам Брылём, Іванам Шамякіным, Іванам Навуменкам, Алесем Адамовічам,
А свой расповед, пэўна, закончу згадкай пра апошняе месца работы, якое пакінула ў памяці такія ж добрыя і сьветлыя ўспаміны, як і колісь першае ў шчучынскай раёнцы. Мой прыход у “Нёман” адбыўся нечакана, роўна праз год, як у пажарным парадку выправілі мяне ў поўным здравіі з “Вожыка” на заслужаны адпачынак. Ня даўшы ня тое што адсвяткаваць 60-цігоддзе часопісу, як сьлед “абкатаць” свайго зьменшчыка, пра што толькі-толькі прасіў-угаварыў міністр інфармацыі Міхаіл Падгайны, а нават дабыць адпачынак. Відаць, некага ў вярхах надта ж даняў зьедлівы сьмех у выпусках вожыкавай “Лупцакоўскай праўды”, дзе ў хроніцы з Хамутоўскай аўтаномнай акругі можна было знайсьці паведамленьні кшталту: усенародна абраны хамутоўскі прэзідэнт Лёха Лупцакоў, праяўляючы клопат пра ветэранаў, інвалідаў і пенсіянераў, сваім указам прадаставіў ім права хадзіць на чырвоны сігнал сьветлафору. У выніку эканомія пенсійнага фонду склала амаль 50 працэнтаў. Альбо: той жа Лёха Лупцакоў намерыўся далучыць сваю аўтаномную акругу да Гандураса і Маршалавых астравоў і стаць прэзідэнтам саюзнай дзяржавы, дзе ніколі не заходзіць сонца. А цярпеньне лопнула, магчыма, пасьля эксьпертызы, пра якую, мусіць, варта трохі расказаць...
Неяк пазванілі з пракуратуры і запыталі, ці можам мы зрабіць эксьпертнае заключэньне на выпушчаную ў Гродне і канфіскаваную адпаведнымі органамі брашуру карыкатураў у сувязі з узбуджэньнем крымінальнай справы “по признаку оскорбления Президента Республики Беларусь и дискредитации власти”? І таемна дадалі: вельмі патрэбна і важна... Падумаў: во толькі гэтага яшчэ не хапала ў амаль шасьцідзесяцігадовай гісторыі “Вожыка”! Але куды падзенешся – мы адзінае дзяржаўнае сатырычна-гумарыстычнае выданьне, і было б незразумелым, каб адмовілі сьледчым органам у высвятленьні ісьціны. Неўзабаве на маё імя з Гарадзенскай пракуратуры паступіла бандэролька з той брашурай і просьбай на афіцыйным бланку пад нумарам і подпісам сьледчага Тонкавіча, змацаванай для надзейнасьці яшчэ і пячаткай пракуратуры. Гэта была так сабе, на самадзейным узроўні аформленая і выкананая даволі аб’ёмная брашура з карыкатурамі, дзе ці не праз адну фігураваў вусаты тыпаж. Як і было прапанавана пракуратурай, я сваім загадам стварыў эксьпертную камісію, у склад якой увёў найбольш аўтарытэтных і вядомых у рэспубліцы мастакоў-карыкатурыстаў і журналістаў-фельетаністаў – як штатных вожыкаўскіх, так і пазаштатных, абавязаўшы ў двухтыднёвы тэрмін зрабіць абгрунтаванае эксьпертнае заключэньне. Камісія пастаралася, і доказна, пераканаўча з фактамі і тэарэтычнымі выкладкамі засьведчыла, што няма ніякай падставы індэфікаваць асобу Прэзідэнта з карыкатурным тыпажом па наяўнасьці ў абодвух такой даволі распаўсюджанай сярод мужчынскага насельніцтва дэталі, як вусы, а каб нават можна было і дапусьціць такое, то ўсё роўна не было б нічога абразьлівага для Прэзідэнта. У пацьверджаньне прыклалі ксеракапіраваную вытрамку са стэнаграмы сустрэчы Лукашэнкі з высокапастаўленай дэлегацыяй расійскіх журналістаў, дзе ён на патаньне кіраўніка Башкірскай журналісцкай арганізацыі, адначасова галоўнага рэдактара іхняга сатырычна-гумарыстычнага часопісу Марселя Салімава: мы пастаянна друкуем карыкатуры і шаржы на свайго прэзідэнта Рахімава, і ён не крыўдзіцца, ставіцца вельмі спакойна, а вось пагартаў гадавы камплект вашага цудоўнага “Вожыка” і не заўважыў гэтакіх эфектных вусоў... Аляксандр Рыгоравіч адказаў, што таксама спакойна ставіцца да карыкатур і шаржаў на сябе, паабяцаў падказаць “Вожыку” на істотнае ўпушчэньне... І хоць ніякай падказкі не паступіла, але надрукаваная ў афіцыйным бюлетэні Адміністрацыі прэзідэнта заява магла трактавацца не інакш, як афіцыйная пазіцыя Прэзідэнта і ўсёй вышэйшай улады. Словам, з крымінальнага працэсу, які, магчыма, рыхтаваўся як паказальны, атрымаўся пшык, а на галоўнага рэдактара, была дадзеная каманда “фас!”... Я даўно быў гатовы да сыходу з пасады галоўнага, толькі не зусім разумеў прычыну гэткай сьпешкі, але махнуў рукою і ўспрыняў усё больш чым спакойна.
З палёгкай зьехаў на лецішча і, нарэшце, з найвялікшай радасьцю цалкам і без астачы аддаўся рабоце над аповесьцю “Вяртаньне на Саарэмаа”, задумка якой высьпявала даўно, а ўпершыню зьявілася-прабліснула ў час адпачынку на Рыжскім узьбярэжжы разам з Генадзем і Юляй Бураўкінымі. Тады нас шчыльна апекаваў Генадзеў латышскі калега, чалавек рэдкай гасьціннасьці, дабрыні і шчырасьці Леанард Барткевіч, які ўсё лета жыў тут жа ў Юрмале на дачы, і кожныя выхадныя разам з мілейшай жонкай Галяй арганізоўваў нам нейкую культурна-пазнавальную праграму, якая, звычайна, заканчвалася сяброўскай вечарынай у яго ці ягонага сябра – старшыні камітэту па кінематаграфіі Івара, чыя дача была ледзь ці не на пляжы нашага санаторыя. У адну з нядзель ён і рашыў звазіць нас на сьвята ў далёкі рыбалавецкі саўгас на самым краі Рыжскай затокі, ну і заадно, канечне, паказаць трохі іншую, чым курортная Юрмала, Латвію. Нам гасьцінна паказалі ўсю вытворчасьць – трохузрастовыя гадавальнікі моладзі стронгі, ляшча, іншай таварнай рыбы, завадскія цэхі, вывезьлі ў мора, дзе ў кіламетрах пяці ад берагу ў агромістых заякараных сетках-сачках на сотнях, мо тысячах буёў у амаль натуральных марскіх умовах нагульвала вагу таварная рыба. А потым мясцовыя кухары і гурманы частавалі і дэманстравалі, вядома ж, пад чарачку белай, каньяку на што здольная іхняя фантазія ў прыгатаваньні рыбных страў. Для мяне было вялікай нечаканкай сустрэць тут дэлегацыю з эстонскага вострава Саарэмаа, дзе колісь амаль два гады салдацкай тэрміновай адбухаў у памежнай ахове. Амаль неверагодна, але дэлегацыя была з рыбалавецкага саўгасу непадалёк, дзе праходзіла мая служба і дзе мне адно лета нейкі час даводзілася выпускаць рыбакоў у мора. Аказалася, што саўгасы дружаць
З Алесем мы разам працавалі ў ЦК, а як выпала яшчэ і пасяліліся па суседству ў адным пад’езьдзе, сталі і сем’ямі пачуваць, як блізкія сваякі. У апошнія гады ў Алеся ўзьніклі і абвастрыліся праблемы са здароўем. Да боляў у суствах і пазваночніку, якія ён прыглушаў абязбольвальнымі ці чаркай, далучыліся непаладкі з сэрцам, ды так, што пройдзе крокаў дзесяць – і пачынае задыхацца, глытаць нітрагліцэрыну. А пасьля таго, як выдавецтва “Полымя” саматугам выпіхнула свае выданьні ў самастойнае плаваньне, на неспрактыкаваных у гаспадарчых і фінансавых справах галоўных рэдактараў навалілася праблемы і клопаты, да якіх яны і ня ведалі, з якога боку падступіцца. Я перажыў гэта яшчэ ў 91-м годзе, пасьля забароны партыі, калі, памяняўшы шыльду, цэкоўскае выдавецтва бесцырымонна, абабраўшы да ніткі, кінула свае былыя выданьні на волю лёсу. У тым ліку і “Вожык”, “Работніцу і сялянку”, якія на працягу дзесяцігоддзяў прыносілі выдавецтву ледзь ці не палавіну ўсіх прыбыткаў – мусіць, не хацелі ствараць прэцэндэнту. Давялося набіць шышак, але за дзесятак гадоў і набыць багаты вопыт выжываньня ва ўмовах аўтаномнага плаваньня, таму і ўзяўся падставіць плячо, падстрахаваць Алеся. І не даўшы дачакацца восені ці хоць непагадзі, гарачым ліпеньскім днём быў прадстаўлены ім калектыву “Нёмана” ў якасьці адказнага сакратара і свайго намесьніка...
Справы ў рэдакцыі былі незайздросныя, а найперш у фінансава-гаспадарчай дзейнасьці. На месяцы затрымвалася выплата зарплаты, ганарару, безнадзейна выбіліся з графіку выпуску, у тым ліку цягнуўся мінулагодні даўжок на два нумары. Каб ліквідаваць разрыў, укласьціся ў графік прадстаяла да канца году рыхтаваць і выпускаць як мінімум два нумары за месяц. Здаецца, бальшыня калектыву глядзела на гэта даволі скептычна, але калі неўзабаве бяз збояў пачалі выплочваць зарплату і ганарары, выдавецтва па старой памяці без перадаплаты пад маё чэснае слова брала падрыхтаваныя нумары да вытворчасьці, настроі сталі мяняцца. З ранку да вечара даводзілася круціцца, лічыць і пралічваць кожную капейку, званіць, дамаўляцца, шукаць больш выгадных пастаўшчыкоў паперы, расходных матэрыялаў, для чаго вельмі дарэчы аказаліся былыя сувязі, і канечне ж, я ведаў хады, мяне помнілі ў міністэрстве, казначэйстве, Белпошце, Белсаюздруку. Загадам рэдактара давялося мяняць некаторыя звыклыя рэчы ўнутры рэдакцыі, дамагаючыся зладжанасьці, дакладнасьці, дысцыпліны і парадку. К апошняму дванаццатаму нумару ўвайшлі ў выдавецкі графік, ліквідаваўшы мінулагадні даўжок і пры тым, што выпусьцілі на два нумары больш, фінансавы год закончылі з акупальнасьцю выдаткаў на 56 працэнтаў. Гэта быў выдатны паказчык, калі ўлічыць, што “Полымя” мела 34, а “Маладосць”, “Крыніца”, “Всемирная литература” не дацягвалі і да 5 працэнтаў. Упершыню людзі сталі атрымліваць прыстойныя прэміі, і гэта таксама згуртоўвала калектыў, настройвала на аптымізм, памкненіне рабіць часопіс больш цікавым і папулярным, павялічваць наклад. З першага нумара 2002-га памянялі афармленіне і вокладку, зрабіўшы яе больш сучаснай, але некранутым захавалі традыцыйны лагатып.
Мне вельмі падабалася атмасфера ў рэдакцыі – зычлівая, спакойная, нават трохі сямейная. Такой, казалі, яна была з часоў рэдактарства Андрэя Макаёнка. Амаль два дзесяцігоддзі Макаёнкавы традыцыі беражліва захоўваў і разівіваў адзін з найбольш таленавітых і маштабных празаікаў, спакойны, разважлівы Анатоль Кудравец. Аж пакуль не пагарэў, як апошні цяльпук. Гісторыя даволі анекдатычная і знаёмая – пра яе ў нейкай газеце пісаў сам Анатоль Паўлавіч, тым ня менш дазволю сабе ў некалькіх словах нагадаць яе. У свой час “Нёман” надрукаваў вялікі матэрыял з традыцыйнага так званага круглага стала, дзе госьцем быў і дырэктар шклоўскага саўгасу, дэпутат Вярхоўнага Савету Аляксандр Лукашэнка. А праз колькі год рэдакцыя папрасіла ўдзельнікаў таго “круглага стала” вярнуцца і выказацца па той жа актуальнай праблеме. Мудры і адначасова наіўны Кудравец падпісаў ліст з тою ж просьбай і да прэзідэнта Лукашэнкі. Рэакцыя была імгненнай – галоўны рэдактар без тлумачэньня прычынаў апынуўся ў крэсьле загадчыка аддзелу прозы. Магчыма, за дзёрзкасьць, непачцівасьць, бестактоўнасьць у дачыненьні да першай асобы дзяржавы, магчыма, дзеля навукі іншым – не забывайце, хто ёсьць хто... Кудраўца зьмяніў Алесь Жук, і добрыя рэдакцыйныя традыцыі працягнуліся. Калектыў фарміраваўся на працягу дзесяцігоддзяў, канечне ж, нехта пакідаў рэдакцыю, нехта прыходзіў. Тут былі і ветэраны, што працавалі яшчэ з Макаёнкам – Генадзь Бубнаў, Тацяна Чуйкова, Алена Шашкова, і зусім маладыя Алесь Пашкевіч, Ірына Шаўлякова, Вікторыя Салаўёва, аднак гэта была адна дружная сям’я, якая вельмі даражыла высокай рэпутацыяй нёманцаў. Адчуваў, што пасьля прыглядкі і пэўнай насьцярогі на мой даволі аўтарытарны і часам рэзкі стыль, і я ўпісаўся ў дружны калектыў, асабліва – як справы пайшлі на папраўку, сталі без затрымкі атрымоўваць зарплату, ганарар і, канечне ж, прэміі, пра якія дасюль і ня чулі. Алеся ўсё часьцей і часьцей стала даймаць хворае сэрца, раз за разам трапляў у бальніцу, на час сваёй адсутнасьці абавязкі галоўнага ўскладваў на мяне, у чым я выказваў яму пэўнае сумненьне: ці варта парушаць субардынацыю. Аднак Жук і я добра ведалі, наколькі важна ў стасунках з чынавенскім і бізнэсоўскім людам мець права першай асобы... Дый Генадзь Фёдаравіч Бубнаў, здаецца, ставіўся да гэтага парушэньня субардынацыі спакойна, аддаючы пальму першынства ў арганізацыйных, гаспадарча-фінансавых пытаньнях мне і майму вопыту.
У нас былі добрыя планы і персьпектывы на новы 2002 год. Прыкметна павялічылася падпіска, куды лепш “Нёман” стаў распаўсюджвацца ў кіёсках “Белсаюздруку”, засьвяціла рэальная магчымасьць ужо ў першым квартале займець для набору і вёрсткі тры новыя сучасныя кампутары з прафісійнымі лазернымі прынтарамі, сканерамі, ксераксам, што прыводзіла ў захапленьне нашых жанчынак, якія мучыліся на дапатопнай тэхніцы, а “выбіты” мною ў Падгайнага перад новым годам новы прынтар падаваўся немаведама якой раскошай. Мы ставілі перад сабой задачу – дасягнуць і стабільна трымацца на 75-95-працэнтнай акупальнасьці, каб мець максімальныя прэміі, і больш ні кроку наперад, паколькі пры поўнай акупальнасьці тут жа ліквідуюцца пэўныя прэферэнцыі і па арэндзе памяшканьня, і па аплаце паштовых, паліграфічных паслугаў, і падаткаабкладаньні, і г.д. На першы погляд такія парадкі былі нейкай абсурднай недарэчнасьцю. Але за тым абсурдам была хітрая палітыка – ні ў якім разе не дапушчаць фінансавай незалежнасьці, а значыць, і свабоды, магчымасьці рабіць і пісаць што заўгодна. Словам, памянялі адыёзны ідэалагічна-цэнзурны на меней прыкметны і кідкі, але куды больш дзейсны і эфектыўны эканамічны наморднік для прэсы, літаратуры, цынічна ўдасканальваючы і ўдасканальваючы яго.