Quo Vadis
Шрифт:
Паздароў ад мяне тваю боскую хрысціянку, а вярней, прасі яе ад майго імя, каб не была для цябе рыбаю. Напішы мне аб сваім здароўі, аб каханні, умей кахаць, навучы кахаць ды бывай!»
М.Г. Вініць да Пятронія: «Лігіі няма дагэтуль. Каб не надзея, што яе хутка знайду, ты б адказу не атрымаў, бо калі жыццё горкне, дык і пісаць не хочацца. Я хацеў спраўдзіць, ці Хілон не ашуквае мяне, і тае ночы, калі прыйшоў па грошы для Эўрыцыя, ахінуўся я вайсковым плашчом ды пайшоў назіркам за ім і за хлопцам, якога яму даў. Як прыйшлі на мейсца, я іх здалёк сачыў, прытуліўшыся за партовым слупам, і пераканаўся, што Эўрыцый не быў выдуманай асобай. Далавах пры рацэ колькідзесят людзей выгружала пры светачах каменне з вялізнае кумягі і ўкладала іх пры беразе. Бачыў, як Хілон падыйшоў да іх дый пачаў гутарыць з нейкім старцам, які зараз кінуўся
Дзеялася гэта мо якіх дзён дванаццаць пасля твайго выезду. Ад тае пары ён быў у мяне некалькі разоў. Сам расказваў мне, што здабыў між хрысціянамі вялікае значэнне. Кажа, калі дагэтуль не знайшлі Лігіі, дык дзеля таго, што іх ёсць ужо непералічная колькасць у самым Рыме, дык не ўсе знаюцца ды не ўсё могуць ведаць, што між імі дзеіцца. Да таго ж яны асцярожныя і наагул маўклівыя, ён аднак заручае, што абы толькі дайшоў да старшын, якіх завуць прэзбітэрамі, патрапіць ад іх выцягнуць усе тайніцы. Некалькіх ужо пазнаў і спрабаваў іх распытваць, але асцярожна, каб праз поспех не выклікаць падазрэння ды не ўтрудніць справы. І хоць цяжка чакаць, чую, што праўду кажа, і чакаю.
Даведаўся ён таксама, што на малітвы маюць супольныя мейсцы, пераважна за брамамі гораду, у пустых дамох, а нат у арэнарыях. Там аддаюць шанаванне Хрысту, пяюць і частуюцца. Такіх зборышчаў даволі шмат. Хілон думае, што Лігія ходзіць наўмысна ў іншую малельню, чым Пампонія, дзеля таго, каб пры нагодзе суду і допытаў смела магла прысягнуць, што не ведае аб ейным сховішчы. Можа, прэзбітэры параілі ёй гэтую асцярожнасць. Як Хілон пазнае ўжо гэныя мейсцы, хадзіціму з ім разам і, калі багі дазволяць мне ўбачыць Лігію, бажуся табе Ёвішам, што тады ўжо не выйдзе з маіх рук.
Не перастаю думаць аб самых мейсцах малітвы. Хілон не хоча, каб я з ім хадзіў. Баіцца, але я не магу дома ўседзець. Пазнаю яе і ўначы. Пазнаў бы ўсюды ейны голас і манеры. Сам пайду пераапрануты і буду сачыць кожнага ўваходзячага і выходзячага. Заўсёды аб ёй думаю, дык пазнаю.
Хілон павінен узаўтра прыйсці, і пойдзем. Вазьму з сабою зброю. Некалькі маіх нявольнікаў, высланых на правінцыю, вярнуліся без нічога. Але я цяпер пэўны, што яна ёсць тутака, у горадзе, можа нат недалёка. Я сам адведаў шмат дамоў пад прэтэкстам найму. У мяне будзе ёй у сто разоў лепш, бо там гняздзіцца цэлы мурашнік галоты. Адыж я ёй нічога не пашкадую. Пішаш, добра выбраў, дык выбраў вось турботы і згрызоты. Пойдзем перш-наперш у тыя дамы, якія ў горадзе, пасля за брамы. Надзея чагось ад кожнага заўтра спадзяецца, інакш нельга жыць. Ты кажаш, трэба ўмець кахаць, і я ўмеў гутарыць з Лігіяй пра каханне, а цяпер толькі тужу, толькі чакаю Хілона, і дома не магу вытрымаць. Бывай!»
XVI
Хілон, аднак, не вяртаўся даволі доўга, так што Вініць не ведаў, што аб гэтым урэшце думаць. Добра ўцееў сабе, што каб напэўна яе знайсці, дык трэба шукаць паволі. Кроў ягоная ды гвалтоўная натура бурыліся супраць рассудку. Сядзець, згарнуўшы рукі й нічога не робячы, не мог ні за што. А зноў жа абяганне гарадскіх завулкаў у цёмным нявольніцкім плашчы, выглядаўшае на дарэмны самападман, не магло яго таксама задаволіць. Вызвольнікі ягоныя, людзі даволі спрытныя, якім на ўласную руку загадаў пошукі, аказаліся ў сто разоў менш зручнымі ад Хілона. Тым часам, апрача кахання, якое чуў да Лігіі, радзілася яшчэ ў ім заўзятасць іграча, які конча хоча выйграць.
Вініць такім ужо быў заўсёды. Ён не здольны быў зразумець, што можа якаянебудзь справа не ўдацца, што трэба адрачыся намераў. Вайсковая дысцыпліна, праўда, на нейкі час зацугляла ягоную самаволю, але адначасна ўшчапіла ў яго перакананне, шго кожны выданы падуладным загад мусіць быць выкананы, а даўжэйшы побыт на ўсходзе, сярод людзей гнуткіх і да нявольніцкага послугу прывыклых, умацаваў толькі ягоную веру, што для ягонага жадання няма межаў. Стагнала цяпер у ім самалюбства.
Ад гэных роспачных думак, сумніваў і згрызотаў цярпела здароўе, а нат і краса. Стаўся мсцівым ды абрызглым для ўсіх. Нявольнікі, а нат вызвольнікі збліжаліся да яго з дрыготным страхам, а як пачаў штораз часцей катаваць іх без дай прычыны, пачалі яго ўпотайкі ненавідзець.
А ён, бачачы гэта, мсціўся яшчэ горш у прыпадку горкае свае самоты.
Шчадзіў цяпер аднаго толькі Хілона, баяўся бо, каб не пакінуў шукаць, а той, спанатрыўшы гэта, пачаў з яго тым больш цягнуць ды вадзіць за нос.
Спачатку пры кожных адведзінах завяраў Вініція, што справа пойдзе хутка й лёгка, цяпер жа пачаў самахоць выдумоўваць перашкоды і, запэўніваючы аб добрым канчатку, не хаваў, што яшчэ канчатак той далёка.
Прыйшоў урэшце пасля доўгіх чакальных дзён так нахмураны, што закаханы юнак наш збялеў, гэта бачачы, і адразу накінуўся з градам пытанняў: — Няма яе між хрысціянамі?
— Чаму няма, — адказвае Хілон, — але знайшоўся між імі Глаўк, лекар.
— Дык што, што за Глаўк?
— Ці ж забыўся, спадару, аб старым, з якім я падарожыў з Неапалю ў Рым і якога баронячы страціў гэтыя вось два пальцы, нельга цяперака ўтрымаць пяра ў руцэ. Разбойнікі парэзалі яго нажом, адабраўшы жонку й дзеці. Пакінуў яго ў гасподзе пад Мінтурнай канаючага, доўга плач мяне браў. На жаль, пераканаўся, жыве й дасюль і належыць да гміны хрысціянскае ў Рыме.
Вініць адразу не мог даўмецца, аб чым гутарка, здагадваўся толькі, што той Глаўк нейк мусі ўтрудняе адшукаць Лігію, дык, прытлуміўшы гнеў, кажа: — Калі ты яго бараніў, дык павінен быць табе ўдзячны і дапамагаць.
— Ах, дастойны трыбуне! Нават багі не заўсёды бываюць удзячныя, а што ж казаць аб людзях. Так! Павінен мне быць удзячны. Але бяда, гэты стары слабога розуму, прыцемненага векам ды старасцяй, дык не толькі не ўдзячны мне, але, як дайшло да майго ведама ад ягоных аднаверцаў, вінаваціць мяне, што я быў у змове з разбойнікамі ды што я навёў на яго злыбяду. Вось мне заплата за два пальцы!
— Я перакананы, што так і было, шэльма, як ён кажа, — прыгваздзіў Вініць.
— Ці ж больш ведаеш за яго, спадару, — адказаў важна Xiлон, — ён бо толькі здагадваецца аб гэтым, хоць, аднак, мог бы пры помачы хрысціян горка мне адпомсціць. Напэўна, зрабіў бы гэта, а іншыя напэўна памаглі б. На шчасце, не ведае, як завуся, а ў доме малітвы, дзе спаткаліся, не спанатрыў мяне. Я, аднак, пазнаў яго адразу ды як жа хацеў яму кінуцца на шыю. Развага мяне толькі ўстрымала. Пасля, як выйшлі, пачаў я пра яго выпытваць, і тыя, што ведаюць яго, сказалі мне: гэтага чалавека здрадзіў нейкі злыбеднік падчас падарожжа з Неапалю… Іначай бо не ведаў бы аб ягоным вайцянні.