Жыцьцё пад агнём
Шрифт:
Калі мы працавалі, да нас у гумно прыйшла дачка гаспадара — пекная дзяўчына гадоў дваццаці, са сьветлымі валасамі й блакітнымі вачмі. Яна спыталася, ці не патрэбная нам дапамога, і я адкрыўся ёй, што мы ваеннапалонныя, уцекачы, і што нам трэба дабрацца да мяжы. Дзяўчына папярэдзіла нас нікому пра гэта не казаць, асабліва ейнаму бацьку, бо ўсе баяцца быць пакаранымі немцамі за дапамогу ўцекачам. Дзяўчына паабяцала нам, што папросіць бацьку наняць нас, і тады ў нас будзе дастаткова ежы, каб зьдзейсьніць свае пляны. Яна пайшла, а празь некаторы час вярнулася й паведаміла, што ўсё атрымалася.
Мы шмат у гэны дзень працавалі й добра пад’елі. Блізка да вечару дзяўчына паведаміла нам, што ўсё ў парадку, а яшчэ, што на большасьці хутароў і ў большасьці вёсак жывуць палякі, якія ненавідзяць немцаў. Яна дала нам адрэсы й імёны вяскоўцаў, якія маглі б нам дапамагчы, і паказала, дзе можна пераплыць Вістулу, якая была пад наглядам немцаў. Яна сказала таксама, як клічуць
Мы йшлі ўдзень, падраблялі ў якасьці батракоў, а калі дайшлі да пераправы на Вістуле, растлумачылі паромшчыку, што нам трэба. Ён паабяцаў, што ноччы перавязе нас у маленькім чоўне на ўсход. Такім чынам, гэнай ноччу мы перасеклі Вістулу. Паромшчык высадзіў нас на другім беразе, пажадаў удачы й загадаў вяртацца назад з саветамі, каб тыя вызвалілі ягоную краіну.
Мы рухаліся далей, да савецкай мяжы, да якой, як мы думалі, было кілямэтраў трыста-чатырыста. Мы йшлі на ўсход па ўскраінах і пазьбягалі вялікіх гарадоў. Мы станавіліся ўсё больш і больш нядбайнымі ў гэным паходзе праз Польшчу, і на адным хутары сын гаспадара нагадаў нам, што мы мусім быць больш асьцярожнымі. Ён паведаміў нам, што шмат у якіх раёнах немцы ўзмацнілі вышук уцекачоў і польскіх падпольшчыкаў. Ён таксама дадаў, што немцы могуць без папярэджаньня праверыць, ці маем мы дазвол вандраваць. Мы пачуваліся такімі вольнымі на прыродзе, без агароджы й ахоўнікаў, што занадта расслабіліся. Папярэджаньні хлопца вярнулі нас да рэчаіснасьці, і мы ўспомнілі, што знаходзімся ў вышуку й нас могуць злавіць. Мы распыталі хлопца пра сытуацыю ў Польшчы, а ён нас — пра тое, як немцы ставіліся да нас у лягеры.
Хлопец распавёў нам, што немцы стварылі ў Польшчы часовы ўрад, які меў пэўную адміністратыўную ўладу ў гарадох і вёсках, але насамрэч гэта не яны, а ўсемагутныя СС, у чорных кашулях, і СА, у рудых, трымалі Польшчу пад залезнай пятой. Але палякі аказаліся вельмі патрыятычнымі й не здаліся так хутка, як на тое спадзяваліся немцы. Таксама палякі мелі вельмі моцны й добра арганізаваны падпольны рух, які называўся Армія Краёва. Калі немцам удавалася схапіць падпольшчыкаў, іх адразу адпраўлялі ў канцэнтрацыйныя лягеры. Але, незалежна ад гэнага тэрору, польскі народ заставаўся перакананым, што ён ня прыме нямецкай акупацыі, і верыў, што ў рэсьце рэшт ангельцы прыкладуць больш намаганьняў у барацьбе з фашыстамі й, разам з французамі, перамогуць іх. Хаця хадзілі чуткі, што ангельцы й французы адступаюць і што хутка й сама Англія будзе акупаваная. Атрымаць жа дакаладную інфармацыю было вельмі цяжка, бо немцы забаранілі друк і кантралявалі афіцыйнае радыё. Але, незалежна ад таго, чуткі гэна былі альбо праўда, сытуацыя сапраўды заставалася напружанай, і мы сталі паводзіць сябе больш асьцярожна.
Дзень пры дні мы йшлі хуткай хадой і нарэсьце дасягнулі Варшавы. Мы абмінулі горад і прабавілі вечар у хляве, недалёка ад мяжы. Гаспадар даў нам ежы й пакінуў нас у спакоі.
Мы размаўлялі пра тое, як спраўдзім свае мары, калі дайдзем дадому. Косьцік гаварыў пра тое, як пойдзе вучыцца на інжынера, а я — на лекара. Ноччы я прысьніў сябе студэнтам, які плённа працуе, атрымлівае дыплом, а потым — пасаду лекара. Я бачыў сваю маці, зь ейнымі карымі вачмі. Як яна падахвочвае мяне й просіць ніколі не здавацца, якой бы цяжкой ні падавалася справа. Нараніцу Косьцік сказаў мне, што я размаўляў у сьне пра розныя там школы, лячомніцы, пра маці й бацьку, і мой сон ізноў вярнуўся да мяне. Мне стала так хораша, я пачуваўся такім бадзёрым.
Гаспадар пакарміў нас, даў тое-сёе ў дарогу й сказаў, што да савецкай мяжы трэба йсьці яшчэ, прыкладна, дзень. Але ён таксама паведаміў нам, што, па чутках, мяжа зачыненая й абмен палоннымі прыпынены. Каб трапіць на той бок, трэба прайсьці спецыяльную праверку. Ён падкрэсьліў, што гэта ўсяго толькі чуткі, але мы ўсё ж такі мусім іх ведаць. Мы падзякавалі яму за гасьціннасьць і паабяцалі, што калі Польшча й Беларусь будуць ізноў вольныя, мы вернемся, каб расплаціцца за ягоную дабрыню. Мы пакінулі ягоную гаспадарку зь віламі й косамі ў надзеі, што выдаем на звычайных сялян.
Недзе кілямэтраў праз тыццаць мы падышлі да ўзгорка, зь якога ўжо было відаць мяжу. Там, з поўначы на поўдзень, было поўна вышак, якія стаялі праз сотню мэтраў.
Мы пайшлі далей і недзе каля шасьці прыйшлі на адзін падворак, зайшлі ў гумно й пачалі абмяркоўваць, што рабіць. Раптам зьявіліся, і надта спужалі нас, дзьве дзяўчыны, якія выдавалі на сясьцёр. Адна зь іх была вышэй, са сьветлымі валасамі, курносым носам, прыгожай, ладнай, але крыху цяжкой, відаць ад працы на зямлі, фігурай. Другая дзяўчына была маладзей, гадоў, можа, сямнаццаці, і не такой пекнай, але з прыемным тварам і цёмнымі валасамі, якія ляжалі на ейнай белай кашулі, на грудзях. Яна здавалася такой мілай, прывабнай, маладой і сьвежай. (Магчыма на той момант усе дзяўчыны й усе грудзі падаваліся мне прывабнымі й спакушальнымі, бо я ўжо зусім згаладаўся.) Дзяўчаты запыталіся, хто мы такія, і мы адказалі, што ёсьць ваеннапалоннымі
Недзе каля шасьці Ванда вярнулася, каб пазнаёміць мяне са сваім бацькам. Калі мы зайшлі ў хату, дзяўчына сказала, што я шукаю працу дзеля ежы й начлегу й, магчыма, пары злотых у дзень. Ейны бацька спытаўся, ці зь сялянскай сямьі я паходжу. Я запэўніў яго, што дапамагаў свайму дзеду па гаспадарцы, ведаю ўсё, што ад мяне патрабуецца, асабліва пры зборы ўраджаю. Гаспадар пагадзіўся наняць мяне й сказаў, што я магу есьці зь імі ў хаце, але спаць мушу ў гумне. Пакуль я еў і размаўляў з гаспадаром, Ванда пайшла аднесьці Косьціку паесьці. Дзяўчына зьнікла на даволі працяглы час, і я здагадваўся, што тамака адбываецца, а таму не сьпяшаўся вяртацца назад. Я папрасіў Зосю паказаць мне гаспадарку ў надзеі пабачыць, што адбываецца на мяжы. Так мы гулялі каля гадзіны. Калі сьцямнела, мы з Зосяй наблізіліся да гумна, і я кашлянуў і моцна загаварыў у знак папярэджаньня. Выйшла Ванда, і мне падалося, што яна зачырванелася — і ня ведаю, што гэта было: захад сонца, альбо дзяўчына засаромелася. Ейныя валасы зблыталіся й спадніца была крыху зблочанай. Мы моўчкі мінулі адзін аднаго. Дзяўчаты вярнуліся дахаты. Косьцік ляжаў на сене, углядаўся ў столь і ўсьміхаўся. Я нічога не пытаўся ў яго, але моцна раўнаваў.
Нараніцу гаспадар загадаў мне ўзяць каня й запрэгчы яго ў брычку. Я вельмі разгубіўся, бо ў іх была іншая сыстэма, чым у нас у Беларусі, і я ня мог даўмецца, як гэта зрабіць. Калі я нарэсьце, здавалася, прыстасаваў вупраж, і гаспадар сказаў: «Но! Пайшоў!» — конь рушыў, але брычка засталася стаяць, як і раней. Гаспадар пагляздзеў на мяне й сказаў: «Я думаў, што ты селянін». Тады я пачаў запэўніваць яго, што ў нашай мясцовасьці проста іншая сыстэма. Гаспадар паверыў мне, паказаў, як трэба запрагаць, і мы паехалі. Я спытаўся, што гэна за вышкі ў далечыні, хаця й ведаў дакладна, што тамака мяжа. Селянін адказаў, што гэна савецкія кантрольныя вышкі й паўтарыў усё, што Ванда паведаміла нам раней. Я пацікавіўся, каму можа спатрэбіцца пераходзіць мяжу, і ён адказаў, што шмат хто з палякаў лічыць, што гэта адзіны шлях уцячы ад немцаў, але ён асабіста ўпэўнены, што раней ці пазьней паміж Германіяй і Савецкім Саюзам таксама пачнецца вайна.
Я старанна працаваў, але здолеў заўважыць, што нямецкі патруль, у складзе двух-трох чалавек, ходзіць па сьцежцы, якая знаходзіцца ярдах у стах ад мяжы. Немцы паводзілі сябе даволі разьняволена, нават спыніліся, каб павітаць нас і пагутарыць. Я зразумеў, што мы можам скарыстаць гэта на сваю карысьць. Я агледзеў і другі бок мяжы, каб даведацца, якім чынам яна ахоўваецца, але ня здолеў пабачыць шмат. Наўкола было поўна кустоў, і яшчэ я заўважыў, што перад мяжой ёсьць разараная плугам лінія. Я спытаў селяніна, што гэна такое, і ён адказаў, што саветы разаралі зямлю, каб адразу пабачыць, калі хто захоча перайсьці мяжу.