Лабух
Шрифт:
— Купацца будзеш, дык распраніся.
Ага. Зараз у адзежы нырну.
У некага з вучоных, ці не ў Энштэйна, былі ў доме кот і сабака. Энштэйн для іх у дзвярах, каб самі на вуліцу гуляць бегалі, дзве дзіркі прарэзаў. Адну, большую, для сабакі — і другую, меншую, для ката.
А замарочыў свет тэорыяй адносці... Адносна — нармальны, адносна — не.
Фелікс мяне ўжо ледзь не раздражняў — так непакоіў. З ім праблема ставала большай, чым была. Калі без яго наогул была б праблема...
— Ты ў Амерыцы сваёй жывёлін трымаеш?
— Якіх жывёлін?
— Ну ката, сабаку...
—
— Ды нічога. Нечакана, што рыбак...
Пытацца пра тое, як ён не сабаку з катом, а рыбак акварыумных выгульвае, не выпадала. Я прайшоў у альтанку, Фелікс падаў мне ўчацвёра складзеныя паперыны.
— Тут напісана ўсё... І копіі двух дакументаў — не буду казаць, адкуль. Разам з аналітычнай запіскай Рутнянскага — гэта матэрыял.
— З запіскі — толькі апошняя старонка.
— Дастаткова. Скандал такі, што пабаяцца, адчэпяцца.
Я ўзяў паперы, разгарнуў. “Беларусь спрабуе прадаць апошнія савецкія распрацоўкі зброі масавага знішчэння...”
Фелікс даваў мне зброю для абароны. Маёй і ягонай, калі раптам не выберацца.
— Не надта спадзявайся, што нехта надрукуе. Дзе вялікія грошы, там хуткія трупы. У такое не лезуць.
— Яны самой магчымасці скандалу пабаяцца. На Беларусі і так нелегальны гандаль зброяй вісіць. А тут не гранаты, не танкі з самалётамі. Адвязаныя ў вас хлопцы ва ўладзе... Нібы не разумеюць, што за гэта з імі разбяруцца хутчэй, чым з тэрарыстамі.
— Хто разбярэцца? Захад?
— І захад, і ўсход... Лабараторыя фінансавалася Міністэрствам абароны СССР. Так што з Масквы могуць спытаць: а дзе наша?.. Там таксама хлопцы не простыя.
— Тым без нашага ёсць што красці.
— Таго, што можна ўкрасці, у Расіі ніколі і нікому не хапала, Раман. Ведаеш, калі там першы заходні транш раскралі?.. Яшчэ пры Кацярыне. У гэтым якраз праблема Расіі, а не ў дурнях і дарогах, і тым больш не ў манархіі ці дэмакратыі. Не кралі б, дык і дарогі былі б нармальныя, і цар бы не замінаў.
Фелікс загаварыў раптам, як Крабіч. Нейкая бязмежная ў свеце нелюбоў да Расіі, якую я любіў.Можа, таму, што не мог любіць Амерыку, дзе не быў ніколі. І стаяў на сцэнах не ў Нью-Ёрку ці Дэтройце, а ў Маскве і Краснаярску.
— Я люблю Расію.
— Любі сабе. Я ж не пра любоў... І наогул не пра тое.
Тут Фелікс хутка-хутка на мяне зірнуў — проста зыркнуў.
Не пра тое ён казаў, нешта ў размове нашай усё яшчэ адцягваючы. Не рашаючыся сказаць.
Дасталі мяне гэтыя адцягнутыя размовы...
— Ты Крабіча даўно бачыў?
Зноў не пра тое... Хоць дзіўна: як толькі я Крабіча ўспомніў — так і ён адразу. Я шмат разоў заўважаў, што не адно словамі чалавек з чалавекам гукаецца. Пракруціцца ў галаве, не чутная ж нікому, мелодыя — і яе тут жа напяе той, хто побач.
— Нядаўна. Хочаш з ім сустрэцца?
— Можа быць... Ён як жыве?
— Нармальна. Расію не любіць.
Фелікс паківаў на гэта, згодны, што зноў не пра тое...
— Што б ты сказаў на маім месцы?
Я перамаўчаў.
— Каму?
Перамаўчаў і Фелікс..
— Лабарантам. І што б зрабіў?
— Адказаў бы, што падумаю. А што б зрабіў... Можа быць, палічыў бы, колькі яно каштуе...
— Праўда?
— Я сказаў: можа быць. А
—Адказаў, як і ты, што падумаю... І доўга думаў, што рабіць. Лічыць, колькі яно каштуе — пагібель, колькі б яно ні каштавала. Неяк спыніць трэба было і лабарантаў, і тых, хто за імі. Прыпалохаць, але як?.. І я надумаў, як дурань апошні, пазваніць Рутнянскаму. Нібыта ні ад каго і нічога не збіраюся хаваць. Адкрытым тэкстам спытаў, ці ведае ён, дзе ягоныя распрацоўкі, хто імі зараз займаецца?.. Маўляў, па-амерыканску ў мазгах маіх выкруцілася, што ён мае правы на іх, як на інтэлектуальную ўласнасць. Абароніць свае інтарэсы... Разумеючы, што нас хутчэй за ўсё слухаюць, папярэдзіў, каб ён паводзіўся абачліва, асцярожна — і ў галаву амерыканскую мне не тукнула: каму званю, з якім Рутнянскім размаўляю?.. Не ўяўляў, не дапускаў, што з алкаголікам, які сябе не кантралюе. Запала яму з усяго, што я казаў, толькі пра ягоныя інтарэсы — ды й пра іх наўскасяк... Ён прарваўся ў лабараторыю, усчыніў вэрхал: дзе маё?.. Яму на пляшку трэба было, разумееш?.. Генію — на пляшку! Не Нобелеўскую прэмію, а шклянку гарэлкі!..
Фелікс павадзіў рукамі па стале, нібы шукаў тую шклянку... Не знайшоў і пажаліўся:
— Жах... Як вы жывеце тут, Раман?.. Так жа нельга...
— Жывем і паміраем. Як і ў Амерыцы, як паўсюль. Ты нас не шкадуй.
— Дык не памёр, забілі... Назаўтра ж, як забілі, лабаранты мне і сказалі: прыстрэлілі Ігара Львовіча бамжы нейкія па п’янцы. Каб я зразумеў, што не жарты...
Так яно, мусіць, і было, усё пры такім раскладзе ставала на свае месцы, лагічна сходзілася, але я сказаў:
— Ты замнога бярэш на сябе, Фелікс. Так таксама нельга.
Фелікс, змучаны самім сабой, не слухаў.
— Я спытаў: чаму?.. за што?.. У рэшце рэшт, што ён мог рэальна зрабіць, хто б і дзе яму паверыў?.. І чуеш, што яны адказалі?.. Ну, як свойскія ўжо людзі, у якіх са мной адна справа...
— Што?
— Яны сказалі: не мы прымалі рашэнне.
Гэтак, я падумаў, яны не маглі сказаць. А калі сказалі, дык наўмысна.
— І пасля гэтага ты прыехаў?
За варотамі, да якіх сядзеў я спінай, пачуўся шум матора, пасля кароткі аўтамабільны сігнал — і голас Лі-Лі:
— Эй, хто-небудзь!.. Амед! Мне разлічыцца не хапае!..
У мяне спіна скамянела.
— Зараз! — гукнуўся з-за дома Амед, і да варот на пару пабеглі фікусалюб з асіметрычным — самыя багатыя.
Яна тут! З імі! Ну, Лі-Лі...
— З Амерыкі, можа, не паехаў бы, — глядзеў цераз маё плячо Фелікс. — А з Германіі... Гэта лёс, падалося, што я блізка, каб развітацца, павініцца, на калені стаць... Я ж яму ўсім абавязаны. Разумеў, што рызыкую, але што за мной?.. Нічога. І яшчэ амерыканскі пашпарт. Падумаюць, узважаць, не асмеляцца... А яны не доўга думалі, на могілках наляцелі. Я ўцяміць ніяк не мог: чаму на могілках?.. Пры ўсіх, дэманстратыўна... Потым дайшло: праз нахабства і цынізм. Гэта сутнасныя прыкметы неабмежаванай улады, якая сіліцца паказаць, што валадарыць над кожным ад калыскі да труны. Дык і мне яны вырашылі паказаць адразу, што могуць зрабіць са мной усё, што захочуць. Што гэта ў Амерыцы я амерыканец, а тут, у іх, засранец. І калі б не бамжы і не Лі-Лі... Ха, ну ты паглядзі!