Ланцуг
Шрифт:
— Ну, хто скажа тост? — гучна спытаў Грыгор, які капаў яму і пагэтаму тут, за сталом, адзін пачуваўся свабодна. — Ну, так і быць, давайце я скажу тост.
Але тут устаў Кулініч.
— Брата майго Пятра ўжо не падымеш — яму хай зямля пухам. А што з яго работы ніхто не прыехаў, — зларадна павысіў голас Кулініч, — вянка не прыслалі — дык хай яны некалі пабачац самі!.. — урачыста, помсліва закончыў ён.
Вось гэта словы! Так сказаў, што пазайздросціць можна. І вінаватых знайшоў, і Валю не пакрыўдзіў.
У канцы стала сядзелі дзве асірацелыя Пятровы дочкі,
— Не чапай, мой бацька памер, а не твой!..
Спачатку крыху саромеліся чужога чалавека за сталом. Але гэты гарадскі сваяк, гэты вучоны ці настаўнік вёў сябе, як мыш. Не піў, мала еў. Нешта яму муляла. Хаваў пад скацерку-абрус рукі. А жонка яго неяк умольна, разгублена глядзела на землякоў, нібы напярод просячы за нешта прабачэння. Цярпеў ён цярпеў — і ўсё ж не вытрымаў: хутка кульнуў пяцьдзясят грам, потым, не закусваючы, запар адну за адной яшчэ тры разы па пяцьдзясят. Рашуча адвёў жончыну руку з катлецінай на відэльцы. Падняўся, звонка пастукаў чаркай аб пляшку, патрабуючы цішыні, і павёў такую гутарку.
— Я аб’ездзіў усю Беларусь, і мушу прызнацца, што такой дзічы, як у вас, нідзе больш не ўбачыш. Багацейшую гісторыю, традыцыі, звычкі вы ўмудрыліся апусціць да прымітыву. У Маларыцкім раёне — мяжа з Украінай, дзед паўзе ракам, а ўсё адно па-ўкраінску: «Добрага ранку!» А ў вас? Ці чулі вы пра такую традыцыю, як галашэнні? Мужчыны не галосяць ніколі, — ён пачаў загінаць пальцы. — Плач бабулі больш важны, чым маладой жанчыны, а галашэнне дачкі па бацьку больш важнае, чым жонкі па мужу. З могілак вяртаюцца — трэба тры разы печ пагладзіць і сказаць: «Хай паміраюць прусакі, а не людзі». А вы рукі спаласнулі — і ўсё? Хутчэй за стол?
Бедная жонка, чырвоная ад сораму, шморгала, цягнула яго за крысо. Але лектар толькі ўваходзіў у ролю, паставіў чарку і загінаў пальцы ўжо на другой руцэ.
— Тры стравы: куцця, кісель, застудзіна… За жалобным сталом усе павінны быць сумнымі, ніякіх абгавораў, жартаў. А вы — тост, — паглядзеў асуджальна на Грыгора. — Гаварыць трэба стрымана, ціхімі галасамі і толькі пра нябожчыка, — паглядзеў на гэты раз на Кулініча, — а не пра тых, з кім ён працаваў, не пра вянкі… Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына — каму гэта было сказана? Вам? Хто гэта пачуе? Вось дзяўчына была, тут сядзела… Плача, што не памачылася ў рот. Дзіч! Забабоны, нагаворы, ведзьмакі… Самае звычайнае паганства!..
Усе і раней адчувалі, што нешта не тое. А тут проста пакрыўдзіліся. Слова «паганы» ведалі ўсе. Які б ні быў вучоны, а абзывацца за сталом… Гэта ж не вяселле… Ціха загулі, нясмела зашумелі — кшталту «выпіў, дык будзь чалавекам»… Вопытны Грыша даўно
— А ў рог? — спытаў Грыгор. Яго вочы нічога добрага не абяцалі, правая рука сціснулася ў кулак, сіні ад татуіровак. — Калі я табе ў рог дам?
Тут якраз увайшла Махновачка, імгненна ацаніла сітуацыю. Кінулася разнімаць. Як птушка крылы, растапырыла рукі:
— Усё, будзе, будзе! На памінках доўга не сядзяць!.. Грыша, пайшлі… А вы — паехаліце!.. — і пачала штурхаць да дзвярэй вучонага разам з жонкаю. — Паехаліце, чуеце!.. — забыўшы, што нікуды яны не могуць паехаць, проста не дабяруцца ў такі час да горада.
Так Махновачка павяла дамоў ужо Грышу. І Васілёк пайшоў з імі.
Была зіма, студзень, студня з аплыўшым намёрзлым лёдам, зорнае неба, цішыня, сіні снег і блакітныя, вельмі ўтульныя вокны хат. Роўна перасякала вёску вуліца. Цёмныя платы, цені ад іх і ад хат толькі яшчэ больш падкрэслівалі прыгажосць начнога снегу. Ён іскрыўся і скрыпеў пад нагамі. Васілька трымалі за адну руку Грыша, за другую маці, і ён не столькі ішоў, колькі ехаў па слізкай, як коўзанка, дарозе, а то падціскаў ногі і вісеў паміж дарослымі.
— Мама, а дзядзька вучоны?
— Вучоны, сынок. І ты, як вырасцеш, станеш вучоны… Толькі гарэлкі беражыся, бачыш, што ад гарэлкі бывае…
— Ну і што, што вучоны? — сказаў Грыша без злосці, астыў на вуліцы і палагоднеў. — Калі ён вучоны, дык хай спярша піць навучыцца. Я яшчэ не такіх вучоных бачыў. Цэлую акадэмію прайшоў.
— Ох, прайшоў, Грышачка, прайшоў, не дай Бог нікому прайсці… Ты на іх не глядзі. Яны самі па сабе, а ты цішком сам па сабе. Ён сказаў па вучонасці, а ты сцярпі, змоўчы, адыйдзі ўбок… Хіба ты чужому чалавеку свае мазгі ўставіш?.. У іх вучонасць, а ў цябе таксама і розум, і Сюзана, і работа… Сам дабіўся, ніхто не памагаў…
— А хто мне памагаў? Сам!
— Ох, сам, Грышачка, век сам, і не прапаў, у людзі выйшаў, і матку няшчасную глядзіш, не кінуў, і ўсё ў цябе ладненька-складненька…
Збоку каб хто чужы паслухаў, дык можна было падумаць, што Грыша дзве аспірантуры скончыў, а не дзве ходкі меў за плячамі. Недзе далёка, на другім канцы вёскі, празвінела вядро ля студні, а пачулася як зусім побач. І такое блізкае было неба, што звон вядра даляцеў да яго, і зоркі вялікія і малюсенькія таксама празвінелі ціхім рэхам у адказ.
— Так цёпленька сядзець дома, целевізар глядзець, а яму холадна, — забывался Махновачка і казала пра Пятра, як пра жывога. — Так ужо шкода яго, так шкода! Такі добры быў… А што бачыў за век? Нічога. Добрыя ўсе няшчасныя, а злыя — шчаслівыя.
Тут Грыгор не згадзіўся. Ён лічыў сябе і шчаслівым, і не злым.
— А чым ён няшчасны? Яму выкапалі, труну зрабілі, вянок купілі… Усё як у людзей. Ляжы сабе.
— Ён не ў зямлі ляжыць, а вісіць на небе, — сказаў раптам малы Васілёк, падціскаючы ногі. — Бачыць нас і ўсё чуе.