Здрада
Шрифт:
— Цяпер ты яго панясеш, воўчая душа, — паднімаючы ад параненага голаў, сурова сказаў Шчарбак. — Адсюль і да канца.
Пасля ўдвух з Цімошкіным яны пасунулі маёра глыбей пад застрэшак, Блішчынскі ўслужліва разварушыў салому, дапамог ухутаць ёю маёравы ногі. Выраз сяржантавага твару быў яшчэ насцярожаны, але ў позірку паступова з’яўлялася хітраватая ўпэўненасць. Шчарбак раззлавана і заклапочана хмурыўся.
— У яго, бач ты, яшчэ і рука прастрэлена, крыві шмат выцекла. Цяпер, глядзі, што робіцца, — ён прыўзняў з саломы маёраву далонь. — Каб чаго кепскага не сталася.
Рука сапраўды была страшная, нейкая дужа белая і распухла-азызлая, ды і наогул маёр быў ледзьве жывы. Дзіўна было Цімошкіну бачыць знаёмую вялікую постаць гэтага чалавека, іхняга камандзіра, і разумець, што цяпер ён зусім ужо не той, адна прысутнасць якога надавала артылерыстам упэўненасці і сілы ў баі. Цяпер ён быў слабейшы за якое дзіця. Але ім не патрэбна была яго сіла — яны прагнулі толькі, каб ён ачнуўся з забыцця, загаварыў, убачыў, у якую бяду трапілі хлопцы, і што-небудзь параіў.
Шчарбак нейкі час сядзеў над ім, самкнуўшы над ілбом строгія бровы, і нешта ўпарта-напружана думаў. Адчуўшы, што сябар пакрысе адышоўся ад свайго гневу і крыху спачыў, Цімошкін спытаўся:
— Дык як жа гэта сталася? Пайшоў за Здабудзькам, а знайшоў маёра?
— Як сталася? Знайшоў Здабудзьку. Забіты. Прама ў патыліцу. Пасля зблудзіў. Такая цемра, снег. Хадзіў, хадзіў і згубіў вас. Натрапіў на кукурузу. I вось маёра знайшоў. Той жа гад кінуў яго… Маёр сам сказаў. Яшчэ прытомны быў.
— Каб жа я ведаў, а то гляджу — сціх — ну, думаў, памёр, — з фалыдываю горыччу азваўся Блішчынскі. Ён стаяў над імі, прыхінуўшыся плячом да сцірты, і з цікаўнасцю зазіраў на маёра. Дзіўна было, як хутка ён забыўся ўжо на Шчарбакову лютасць і цяпер імкнуўся зрабіць выгляд, быццам нічога сур’ёзнага між імі і не здарылася. Шчарбак пагрозлівым позіркам змераў яго: — Ты маўчы лепш! Ось выйдзем — я з цябе спаганю! Бязлітасна спаганю! Не думай, што адбаярыўся.
Усе памаўчалі трохі, Шчарбак першы раз паглядзеў навакол — на снегавое поле, вінаграднік, дрэўцы, хутар, раскапаны немцамі пагорак удалечыні.
— Прайсці не спрабавалі?
— Не. Як жа пройдзеш: немцы кругом.
— А я ледзьве дарогу перайшоў. Зранку сядзеў. Добра, што на лясок натрапіў… — казаў ён, азіраючыся. — Ах ты халера, от бяда! I трэба маёра ратаваць. Цяпло яму патрэбна. Можа, якую аперацыю. А то загіне да вечара.
— Ведама ж. Не дужа ў саломе нагрэеш, — уставіў сваё Блішчынскі. Выгляд у яго быў незалежны, але свае разважанні ён кінуў, відаць, усё ж асцерагаўся Шчарбака. Шчарбак зноў нічога не адказаў яму.
— Як жа гэта ты валок яго такую далеч? — спытаў Цімошкін у сябра.
— Ведаеш, не раз ужо думаў: упаду і здохну. Але валок. Як жа кінеш: свой чалавек.
Ён памаўчаў і зусім ужо сцішаным тонам спытаў:
— Курыць, вядома, няма?
— Няма, брат.
— Кепска… А я ось у Здабудзькі паперы ўзяў. — Шчарбак выцягнуў нагу, дастаў з кішэні пацёрты пачак дакументаў. — На, ты ж грамацей — адпішаш. Як выйдзем…
Цімошкін узяў з рук загорнутую ў паперку чырвонаармейскую кніжку, нейкія даведкі, пацёртыя, пакамечаныя лісткі. Адзін аркушык разгарнуў — гэта было пісьмо — няроўныя,
Прачытаўшы тое, Цімошкін трохі здзівіўся, упершыню неяк згледзеўшы знутры гэтага ціхмянага, нехуцавага, як кажуць, чалавека, відаць, здольнага на большае, чым тое, што ён паспеў здзейсніць за кароткі час на вайне. У хлопца ад таго з’явілася ў душы кароткая прыкрасць, што вось дагэтуль крыху пагарджаў ездавым, які на справе быў зусім нядрэнны салдат.
Шчарбак, прыўстаўшы на каленях, усё аглядаў наваколле. Немцы на выспе патроху варушыліся ў раскапанай зямлі, з боку ад іх на дарозе імчалі аўтамабілі ў бок фронту. У снегавым прасторы яшчэ паяснела, але неба скрозь было захутана шэрасцю хмар, дзьмуў сцюдзёны марозны вецер.
У той час заварушыўся, застагнаў у саломе маёр, відаць было па ўсім, што ён ледзьве ліпеў на апошніх рэштках жыцця, і Цімошкін падумаў, што было б зусім недарэчна пасля ўсяго, што сталася, даць яму загінуць тут, за некалькі, можа, гадзін да паратунку. Пэўна, такі ж клопат адчуваў і Шчарбак. Хлопец стомлена падняўся на ногі, угледзеўся ў снежны абшар, і позірк яго, відаць, нечакана ўпаў на той маленькі хутар, што адзінока чарнеў у канцы пасадкі.
— У хутары, не бачылі, немцаў няма? — запытаўся Іван.
— Чорт іх ведае, можа, і ёсць.
— Ды няма там нікога, — упэўнена абвясціў Блішчынскі.
Тая яго ўпэўненасць раззлавала Цімошкіна.
— А ты хадзіў туды, ці што? — непрыязна запытаўся хлопец.
— Не хадзіў, затое глядзеў увесь дзень. Разумееш?
Шчарбак недаверліва паглядзеў на Блішчынскага, пасля зірнуў на Цімошкіна і ўзяў з саломы аўтамат.
— Я збегаю. Калі можна будзе, перанясём маёра туды.
— Ваня, пастой, — усхапіўся Цімошкін. — А можа, там немцы?
— Няхай сходзіць, — ціха, але настойліва сказаў Блішчынскі. — Чаго баяцца?
— Ваня, не ідзі! — запярэчыў Цімошкін, але хіба можна было перайначыць ягонага сябра? Ужо такі быў гэты чалавек, што калі закарціць у яго якое жаданне, дык ён даможацца свайго.
— Я хутка. Ты паглядзі тут, — сказаў ён Цімошкіну, паправіў шапку і пайшоў. У Цімошкіна нешта балюча трапянулася ў грудзях.
— Што ты на другіх выязджаеш? — крыкнуў ён-земляку. — Чаго сам не сходзіш? Зноў за чужую спіну схаваўся!