Здрада
Шрифт:
— Што ж цябе ўтрымала?
— Што, што… Грыцэнку — ардынарца Андрэева — пазаўчора падстрэлілі. Разумееш? I трэба ж яму было падлезці пад тую кулю. Дык маёр Андрэеў уранку кажа: пойдзем, праветрышся, а то ты тут дымам прасмярдзеў. Ну што ж, думаю, пайду. Можа, за паўдня якога ліха не здарыцца. Пайшлі ў трэці батальён, і вось табе на — якраз прарыў. Маёру дзве кулі ў жывот — сканаў, яму і клопату мала. А я вось уліп. Ось так. Разумееш?
Ён відавочна хмялеў. Рухі яго сталі рэзкія, левая рука шырока адмахвала ў такт крокаў. Шльнасці ён, аднак, не траціў і, гамонячы, кідаў хуткія, кароткія
— Мы з табой, Цімошкін, землякі, брат, і разумеем адзін аднаго. Праўда, там некалі не дужа ладна жылі. Але глупства — вядома, пацаны былі. А цяпер? Трэба ж цвяроза глядзець на ўсё. Ты не думай, што я сяржант, дык мала што разумею. Хе, не, брат. Думаць трэба. Ось! Пад танк кідацца няшмат розуму трэба. Гэта і дурань зможа. Але шцірб цур рэхтэн цайт [1] , як пісаў Ніцшэ. А стары не дурны быў. Вось. Мы маладыя, нам трэба на вайне выжыць, і выжыць з толкам. Разумееш? У тым уся соль.
1
Умей памерці ў час. (ням.)
Агідны чалавек. Ён быў варты таго, каб даць яму ў морду, думаў Цімошкін, але, сашчапіўшы зубы, трываў і слухаў. Яму хацелася зведаць земляка да канца, бо, адчуваў хлопец, недзе ў ім закладзена гэтая адгадка яго натуры, яна сёння свярбіць у яго, і Блішчынскі штось выкажа.
— У палку што? У палку, хоць бы і ў штабе — гарота. Не кулі, дык снарады, бомбы. Ось бы ў корпус забрацца. Гэта ўжо парадачак. Разумееш? Была ў мяне спадзёвачка… Каб не гэтае ўчора. Ну, але нічога. Мо нават і лепей. Ты запамінай: выйдзем — перш-наперш прыбіцца да якой тылавой часці. А там паглядзець. Ты каля мяне трымайся. Я і цябе ўладжу. Не прападзеш! Разумееш?
— Значыць, у тылавыя часці, так? Прасіцца? — з прытоенай з’едлівасцю запытаўся Цімошкін. Але Блішчынскі не адчуў ці не зважыў на яго тон.
— Ну і што ж, папросімся. Падумаеш! Рапарцічку напішам: так і так, часць разбілі, мы засталіся. Праявілі геройства, біліся да канца…
— Эх ты! — сказаў Цімошкін, ужо не хаваючы сваёй пагарды да яго.
— Што? Хто я?
— Смоўж ты, вось хто. I табе гадка ад самога сябе не бывае?
Блішчынскі фалыпыва заржаў, коратка акінуўшы земляка халодным позіркам.
— Што, можа, данясеш? У смерш данясеш? Як выйдзем? Чорт у зубы. А сведкі дзе? Хто чуў! А я скажу на цябе не такое. Скажу, што ты ў немцаў у руках быў і даваў паказанні аб нашых войсках. Ну? Што? Ага, не падабаецца. Ось як. А ўрэшце, я пажартаваў. Каб цябе праверыць, якім духам жывеш?
I ён зноў заржаў — прыцішана, выскаляючы вялікія пярэднія зубы з дзяснамі. Цімошкін уважліва і трохі збянтэжана паглядзеў на яго — сапраўды, хто яго ведае, дзе ў яго была праўда, у гэтага чалавека. Ён мог яе, гэтую праўду, падаць так, што яна выглядала як хлусня, і, наадварот, хлусня ў яго магла быць праўдападобней за праўду. Хлопец ужо ведаў гэтую здольнасць свайго земляка і толькі ўздыхнуў.
I раптам ён змоўк,
Блішчынскі прыпыніўся, прыслухаўся, — ягоная хмельная самаўпэўненасць ураз змянілася насцярожаным клопатам.
— Пайшлі ў абход, — ціха сказаў Цімошкін. — Не ісці ж па вуліцы.
Сяржант маўкліва згадзіўся, і яны, абыходзячы па заснежаных градах ускраінныя домікі, падаліся ў абход паселішча. У адным двары раптам усхапіўся сабака, кінуўся на плот, добра, што плот быў суцэльны і высокі. Блішчынскі скалануўся, падхапіў аўтамат, і ягоныя пальцы дрыготка схапіліся за рукаятку.
Яны яшчэ прайшлі крыху, і раптам абодва ўраз сталі, падаліся назад і прыціснуліся да сцяны нейкага ўскраіннага хлеўчука. Наперадзе, зусім блізка, у вербных прысадах была дарога, і на ёй чуліся галасы. У сутонні снежнае ночы там відаць былі сілуэты аўтамабіляў ці, можа, транспарцёраў, на момант бліснула з фары плямка святла, нешта лязгнула, затым плямка патухла.
Хлопцы замерлі і ўслухаліся — самае найпершае пытанне было — хто: свае ці немцы? Гамонка, што сям-там чулася на дарозе, была дужа ціхая, яе нельга было разабраць, але Блішчынскі нейкім адным яму ведамым чынам вызначыў:
— Немцы! Што ж рабіць?
— Трэба ісці. Што ж яшчэ рабіць? — сказаў Цімошкін.
— У абход?
Не, у абход было нельга. Убачыўшы іх у снежным полі, немцы, вядома, западозрылі б нядобрае, крыкнулі б, тут бы яны і папаліся. Лепей было прабірацца паўз дамы бліжэй да дарогі і затым — цераз самую дарогу.
Блішчынскі зразумеў гэта, і яны, прыціскаючыся да платоў і будынкаў, падышлі зусім блізка. Апошнім ля дарогі быў ладны з верандаю домік, за драцяной сеткай ля яго тоўпіўся заснежаны калючы хмызняк. Яны прыціснуліся да гэтае сеткі і ўглядаліся ў дарогу.
Цяпер ужо добра відаць было, што на ёй стаяла калона машын. Яны былі дужа вялікія, ці мо так здавалася ў прыцемках, людзей там не бачна было, толькі аднойчы бразнулі дзверцы кабіны і на дарозе з’явілася постаць. Паціху варушачыся ў змроку, яна падышла да дрэва на ўзбочыне. Немец, нібы ўглядаючыся ў іх бок, пастаяў, затым захінуў полы шыняля і вярнуўся да сваёй машыны.
Яны ўсё сядзелі пад агароджай, Блішчынскі, пэўна, баяўся, гэта адчувалася па яго насцярожанай ссутуленай постаці, па злосным шэпце на ўсякі неасцярожны землякоў рух. Хоць і Цімошкіну было нявесела, але ён ведаў, што баяцца і не ўмець схаваць гэтага — па меншай меры нягожа для франтавіка.
— Чортава каламажка! — злаваўся Блішчынскі. — Што ж рабіць?
У прыцемках зблізку відаць было, як ён хмурыў касцісты лоб і сюды-туды паводзіў на фоне снежнае шэрані сваім выразным насатым профілем. Ен шукаў выйсця, намагаўся прыдумаць, як бы выкарабкацца з такога небяспечнага становішча. Цімошкін асабліва не намагаўся што выдумваць, бо ведаў, што нічога, апроч таго, каб перайсці дарогу, яны не надумаюць. Ад таго, як удасца ім гэта, будзе залежаць усё іншае.