Ціша
Шрифт:
Стах задумаўся.
— Гэта што там на падаконніку? — памаўчаўшы, спытаў у маці. — Памідор? Можна мне памідор? Яны, цяплічныя, смачней чым з грады. Колькі ты там на сваіх парніках зарабляеш?
Выпіў, закусіў памідорам, пасаліўшы яго перад тым, паведаміў, што «гурок на 80 працэнтаў складаецца з вады, затое ў памідоры калорыяў — як у мясе!» З кожнай чаркай язык яго развязваўся. Ён дэманстратыўна звяртаўся толькі да маленькага пляменніка, называючы яго то Петрыкам, то Цішаю.
— Ты ведаеш, як я жыву? Які я багаты? У мяне ў кватэры
І Петрыку зноў бачылася ў гэтым параўнанні — грошай з кляновымі лістамі — паэзія.
Маці з Домнай і гаварыць са Стэфанам перасталі, бо ўсё адно без толку, на пытанні ён не адказваў — або рабіў выгляд, што не чуе, або бесцырымонна мяняў тэму і казаў:
— Ах-ха-ха. Дзе ж ты, мая Ціша! А той усё плавае… Я ж табе паплаваю!
Баба Домна скрушна глядзела на яго.
— Як ты такі дамоў заедзеш? Што Таня скажа?
Выводзілі Стаха да прыпынку маці пад адну руку, баба Домна пад другую. Пятрок ззаду нёс капялюш. Дзядзька Стах не хацеў ехаць, парываўся абняць Домну. Ад перапаўняючых яго пачуццяў, ад хмельнага захаплення жыццём ён раскідваў рукі (гальштук матляўся):
— Ты ляці ад Волгі да Ур-ра-а-а-а… — расцягваў, разгортваў грудзі і лёгкія, і так доўга цягнуў на «а», нібы заклініла яму, і хацелася закончыць за яго, выгукнуць гэтае заключнае «ла!» Нарэшце ўсаджваўся ў аўтобус і з песняю адбываў.
Ледзь паспявалі перавесці дых, як у двары чуўся тупат. Цяжкай хадою праходзіў па сцежцы і ўзнікаў на парозе дзядзька Стэфан. Моўчкі здымаў кепку, азіраўся. Маці брала кепку і чапляла на той самы цвік, дзе нядаўна вісеў капялюш.
— Гэта ж трэба! Як цікуюць адзін за адным! — усплясквала рукамі баба Домна. — Не каб разам сабрацца!
Дзядзька Стэфан пазіраў у падлогу. Так і чакалася, што зараз чалавек пачне каяцца, прасіць прабачэння, выкручвацца. Але ён не каяўся, а казаў толькі:
— Во-о-сь, — і апускаўся на табурэтку.
Стэфан працаваў вартаўніком на аэрапорце, куды ездзіў веласіпедам. Калі яго брат Стах смакаваў слова «браніроўшчык», дык Стэфан, падкрэсліваючы выгоднасць свайго вартаўніцтва, з няменшай важнасцю зазначаў, што ў яго праца:
— Суткі праз двое!
Жыў вельмі замкнута, аднаасобна, вёў амаль натуральную гаспадарку. Але імкнуўся да яшчэ большай незалежнасці, поўнай.
— Ты не мог раней прыйсці? — ужо на яго перакідвалася Домна. — Далёка табе?
На што Стэфан зноў цягнуў глыбокадумна:
— Во-о-сь.
У яго быў выгляд суддзі, ці пракурора, які нарэшце заявіўся, каб сказаць сваё апошняе важкае слова і абвесціць прысуд. На Домну ён не звяртаў увагі, а ў братавай строга спытаў:
— Дык кім ён там у цябе робіць?
— Яго зразумееш? Ці то сплаўшчыкам, ці лоцманам, ці боцманам… Як гэта правільна: лоцман ці боцман?
— Не ведаю і ведаць не хачу, — адрэзваў Стэфан. — Брэша ўсё жыццё. Абодва
— Які ён табе Медны?! — не вытрымлівала, крычала Домна. — Ён табе родны брат! Вы мірыцца калі-небудзь надумаеце?! Чаго вам не хапае?! Здаровыя, не калекі, не лядачыя, з рукамі-нагамі, багатыя… Жывеце асобна, як у раі… Што вы дзеліце?
Адказу не дачакалася, ды, было відаць, не надта і чакала яго, а проста так казала — па завядзёнцы.
Дзядзька Стэфан таксама доўга сядзеў. Піў «абрыкосаўку», закусваў, памаленьку чыхвосціў аднаго брата, другога, і ўсіх слабадчан за кампанію.
Калі ўсё канчалася, маці падлічвала страты і толькі рукамі разводзіла.
— Але ж і сыны ў вас! Гэта ж трэба: трое мужчын перабыло, усе адчынялі веснічкі, бачылі, што клямка на адным цвіку вісіць — і ніхто не паправіў! Прыдуць, як у шынок, паядзяць, пап’юць, пачэшуць языкі, а ты слухай ды кожнаму ківай… Я думала, у мяне муж, ды свякруха, ды два дзеверы — я з імі гора ведаць не буду! А тут — абы-што!
— Ох, твая праўда, донечка… Я ўсё думаю, не яны — я вінаватая! Мо я ім замінаю?..
Гэта была любімая бабіна тэма. Неаднойчы яна і раней казала, што, відаць, толькі яе смерць памірыць і аб’яднае братоў.
6
Аднойчы ў красавіку, пад вечар, Пятрусь з сябрам-аднагодкам Тамашам Капорам гулялі каля аўтобуснага прыпынку ў «цір» — шпурлялі каменьчыкі ў шыльду «Чэшская Слабада».
Выйшла з дому Галька, старэйшая Тамашава сястра, у белай спаднічцы, у белых калготках. Галя вучылася ў школе, ёй было ажно 9 гадоў. З імі, малымі, яна не цырымонілася. Любіла мерацца ростам, падцягвала за вуха блізка, праводзіла далонню па макаўцы — і Тамаш, і Петрык даставалі ёй толькі да грудзей.
Галька агледзелася, пазяхнула. Ёй было сумна.
— Што вы тут робіце? Яшчэ вочы сабе не павыбівалі. Хадзем лепш пад грушу траву есці, — загадала яна камандзірскім тонам.
І яны пайшлі вузкай сцяжынкай на поле пад грушу.
— Усё гэтае поле наш тата засеяў, — як бы між іншым паказвала вакол рукой Галька.
Поле зелянела маладым жытам. Пасярод поля ўзвышаўся пагорак, парослы дзікай травой і жоўтымі дзьмухаўцамі — у зялёным моры маленькі востраў, з пахіленай грушай замест пальмы.
— Грушу хацелі спілаваць, але тата не даў.
Адсюль, з пагорка, на ўсе чатыры бакі адкрываўся іхні родны краявід. Зялёная рунь пагранічнай паласой аддзяляла горад ад Слабады. Там, адкуль яны прыйшлі, у Слабадзе, няспешна цякло сваё жыццё. А наперадзе поле ўпіралася ледзь не пад самыя вокны белых гарадскіх пяціпавярховак, новенькіх і яшчэ недабудаваных. Сонца заходзіла ў тым баку, адбівалася ў шыбах, свяціла ў вочы.
Цікава было вось так стаяць на мяжы горада і сяла, узвышацца над гэтым, ды яшчэ і мець волю: хочаш — вяртайся дамоў, у Слабаду з яе домікамі, садамі, рэчкай, лесам, хочаш — ідзі ў горад з яго спакусамі.