Лабух
Шрифт:
“На!”
“Хто гэ-та?” — пытаецца жалезны Фелікс, нібы не ведае, з кім п’е, а Крабіч падрабляецца пад яго: “Прэ-зі-дэнт”, — і жалезны Фелікс ківаецца лялькай: “І ён па-про-сіц-ца...”
Голы брат-міліцыянт кажа: “Я вазьму штаны, калі вам не трэба”, — ды прэзідэнт яму дулю ў нос: “Заслужы!..”
“А мы па бомбу! — праломваючы сцяну, вылузваюцца з-за карты былога Савецкага Саюза Хусейн з Арафатам — і карта павісае на адным цвіку, павярнуўшыся з праекцыі Гаўса ў праекцыю Мяндзялеева. — Пра-дай-це бом-бу Рут-нян-ска-га...” — на раванастроне грае Хусейн, і пяе Арафат.
У пралом сабака вулічны ўскоквае, падлізвае прэзідэнту,
“Загадайце, каб туалет насупраць вашай рэзідэнцыі не замыкалі. Бо, здараецца, прыпрэ, а няма дзе...”
“Гэта ўсё?” — губляецца прэзідэнт, і Крабіч свайго не ўпускае: “Гэта ўсё, што ў такога гаўнюка папрасіць можна”.
“Што за А-зі-я?..” — бронзай ляскае жалезны Фелікс, спрабуючы карту павесіць так, як яна вісела, і ўганяе цвікі ў пралом, у пустату, на якой, згодна з кітайскай філасофіяй, ці не ўсё ў свеце трымаецца, але ж не карты былых дзяржаў — ды яшчэ такіх вялізных! Карта падае ў пралом, яе ўцягвае ў пустату, у чорную дзіру, і Крабіч скок ад дзіры ўбок: “Я ў Еўропу!” — а жалезны Фелікс хоп яго: “Ку-ды?” — але ўхапіць як след не паспявае, Крабіч вырываецца, дык на яго накідваецца знячэўку, на штаны выслужваючыся, брат-міліцыянт — і яны вобдым коцяцца пад голую задніцу прэзідэнта, якую той шыльдаю прыкрывае:”ПРАХОД ПА ТЭРЫТОРЫІ ПРЫЛЕГЛАЙ ДА БУДЫНКА ЗАБАРОНЕНЫ!” — і ўздымае сцяг над шыльдай, і Эдзік Малей запявае адразу: “Мы, беларусы...” — і хор выпадковых спадарожніц і спадарожнікаў жыцця падхоплівае: “З братняю Руссю...” — механічна разяўляючыся, як лялькі.
“Гэта ты ўсіх зляльчыў!..” — млява, як канчае, крычыць на Крабіча Стэфа, несучы на руках ляльку-Зіначку, у якой рамонкі ў валасах, падараваныя Алікам, і Зіначка выплятае з валасоў, кідае мне рамонак:
“Я сама зляльчылася, быць жывой не хацела ў такога, і ў вас такога не буду...”
Як жоўта пахне рамонак, як бела...
“А які я такі? Які я такі, Зіначка?”
“Такі хітры, — крыўдуе Алік, што кінула мне Зіначка рамонак: на яе б і крыўдаваў, чаму на мяне? — Вы сабак баіцеся, дык выгляд зрабілі, быццам знайшлі, дзе мне жыць, а на самой справе — сабаку даглядаць”.
Я хітры такі? Тады чаму я ў камеры, ці ў карцэры, дзе клаўстрафобія здушвае, і дзе мяне зноў зараз біць будуць? Бо гэта не Фелікс жалезны бронзай ляскае, а ахоўнік ключамі ў замках — і ў дзвярах два малайцы спрытныя, тыя самыя...
Навошта яны б’юць? Што з мяне можна выбіць?.. Тое, што ім трэба, выбіць можно толькі з Фелікса, але з яго не выбілі, дык б’юць мяне? Проста б’юць, каб біць..
Пабілі ў другі раз не моцна, як для адчэпкі, і не ўдвух — адзін пафутболіў з хвіліну нагамі на падлозе, дзе я скруціўся, рукі ў прамежнасць уціснуўшы, яйцы баронячы і пальцы хаваючы, бо хто я — без яйцаў і пальцаў?
— Папрасіўся б ты... — пад пахі прыпадняўшы і ў кут мяне пасадзіўшы, кажа той, які не біў. — Ты не біты па жыцці, дык адзін хрэн папросішся.
Скуль ён ведае, што я не біты?.. Ці яно відаць спецыялісту?..
Мяне сапраўды так не білі ніколі, і я ўбачыў упершыню, як люта, па-звярынаму, да смерці б’юць, калі Марту згубіў, якая ў немцы сваім знайшлася. Амаль год я тады з канца ў канец па Савецкім Саюзе бадзяўся — і ў адным з самых дальніх канцоў, на рацэ Амур пад ветраным горадам Хабараўскам,
Я сеў гуляць першым разам, не ведаючы, паняцця не маючы, што шустырным, пустым гуляць не сядай, бо не расплацішся — прыдохаюць. Мяне, бадай, і прыдохалі б, прыбілі б пад тым далёкаўсходнім Хабараўскам, калі б пахан пад апеку не ўзяў, якога я на гітары граць вучыў, а ён мяне —па фені курсаць і жыць па паняццях: не балай пуляны пурт...
Не вазьмі кінуты нож. Бо нехта ім некага прырэзаў, а ты за некага сядзеш.
У бараку ўдзень і ўноч даберылі, у карты гулялі, і аднойчы карынец заблудны, мужык пажылы пераначаваць зайшоў — і да светухоў, да карцёжнікаў адразу:”Талан на майдан!..” Сеў гуляць і прайграўся, шмат прайграў і напазычаў яшчэ, а як аддаваць, дык аказалася — лары-на-ны... Яму кіф цёмны наладзілі, адмяцелілі, коўдру накінуўшы, і тым бы ўсё абыйшлося, ды ў карынца, пакуль ён пад коўдрай круціўся, ватоўка ў шве парвалася — і з яе рыжык зашыты, чырвонец залаты, яшчэ царскі, выпаў. Карынец бажыцца стаў, што скрачыў, на базары ватоўку старую скраў і пра рыжык не ведаў, але не паверыў ніхто — і светухі раз’юшаныя ў цеста карынца змясілі. Жыць у тым месіве не было ўжо каму, з чэрапу мазгі вывальваліся, а карынец усё пахрыпваў, чырвоныя пухіры пускаючы, дык пахан пашкадаваў — і нажом... За баракам пачыналася поле капуснае — там і закапалі, зноў капусту зверху паўтыкаўшы.
Ноч, як карынец у кіфе цёмным, я пад коўдрай круціўся, прыкідваў, як быць — і выходзіла, што так, нібы не сталася нічога, мне перад самім сабой не выкруціцца: на маіх вачах чалавека забілі.
Нараніцы ў міліцыю ў Хабараўск падаўся, а менты мяне пахану здалі: па паняццях менты з паханамі жылі ў Хабараўску.
Такога я, канечне, не чакаў: часы былі не сённяшнія — і бандыты лічыліся бандытамі, а менты ментамі...
Неяк з Крабічам і братам-міліцыянтам выпіваючы, я ўспомніў пра гэта — Крабіч не здзівіўся. Сказаў, што ўся краіна такая: ракетна-касмічна-цэкоўска-ментоўска-паханская... Брат-міліцыянт прасцей растлумачыў: “З пахана слам на гурт, хабар ментам, а з цябе — толькі лішняя праблема”. Брат-міліцыянт таксама па фені курсаў і ведаў, пра што казаў...
Пахан на поле прывёў, лапату даў: капай, капусту садзіць будзем.
Што такое сабе самому магілу капаць, зразумець можа толькі той, хто сам сабе магілу капаў. А я думаў да ўсяго... дранцвеў, думаючы: як жа ў цеснаце такой ляжаць буду? — і браў на штых шырэй...
Дзіўна, але бегчы, ратавацца — у галаву не прыходзіла: няхай сабе так і будзе. Бо няма чаго, з трыдзевятага царства прыпёршыся, лезці ў справы царства трыдзесятага. І яшчэ здавалася, што так справядліва, па заслугах, калі ўсё і ўсіх я страціў.
Пахан сам адказваў за тое, што за мяне, за скеса і суку перад усімі заступаўся — і ў памагатыя не паклікаў нікога: светухі каля барака тапталіся. Мы ўдвух былі — над рэчкай, на дальнім канцы поля. Паўз якое да рэчкі, невядома скуль пад ноч узяўшыся, ехаў хлопчык на веласіпедзе...
Што такое хлопчык на веласіпедзе?.. Нічога, калі ён не лёс.
Хлопчык мог ехаць, як ехаў, але ён спыніўся і стаў на нас глядзець.
Пахан, чакаючы, пакуль хлопчык далей паедзе, цыгаркі дастаў: “Панырдай напаследак...”