Лабух
Шрифт:
Калі не чытаў, скуль ведае, што ў канверце нешта такое, што чытаецца?
“Лі-Лі?..” — пытаю я, не разумеючы, і Фелікс на мяне хутка-хутка, як у альтанцы ў Амеда, зыркае — ужо з-за дзвярэй, пакуль яны зачыняюцца... і ляскаюць замкі ў дзвярах.
Раззыркаўся...
Ніколі і нічога дагэтуль Лі-Лі мне не пісала... Літары ў яе набягалі, наскоквалі адна на адну — так спяшаліся, і ўсё ж падобныя былі на няспешныя, клінапісныя літары калядных амерыканскіх паштовак. Настолькі падобныя, што адразу так і здалося: іх напісаў, спяшаючыся, Фелікс. Але гэта ўжо было б занадта: быць са мною ў адной камеры — і каб падпалкоўнік дзяржбяспекі, няхай сабе
Людзі з падабенствам почыркаў сустракаюцца не гэтак рэдка, як людзі з падабенствам адбіткаў пальцаў, але і не намнога часцей... Я не ведаю, якая тут спажыва для хірамантаў, ды пэўна ж ёсць.
І калі ты напісаць столькі паспела, хуткая мая?..
“...і ўсе ў свеце рэчы — адна рэч, але гэтага не зразумець інакш, як прыняць, што так яно ёсць. Тады можна жыць натуральна ва ўсім і з усімі, і нават замест французскага рамана чытаць кітайскую філасофію, пачуваючыся ў згодзе з кітайскімі філосафамі французскім мушкецёрам. Бо ёсць вада і ёсць жанчына, якая ў ёй купаецца.
Аднак і пачуванне мушкецёра недаверліва, не як сваю рэч ва ўсіх астатніх рэчах, ты ў сабе носіш. І я задумалася: у чым твая праблема?..
Табе адкрылася аднойчы, што нічым ты не лепшы за іншых. Не горшы, але і не лепшы — вось у чым праблема, якая б праблемай не стала, каб ты з ёй не звыкся, з гадамі не зжыўся. Нібы сапраўды тое, што ты ўсё ж умееш лепш за іншых, іначай, чым іншыя, не ў залік.
Як не ў залік? А музыка?.. Лідзія Паўлаўна расказвала, як зачаравалася тваёй музыкай да бенефісу, а ты парваў клавір: ды якая музыка, які я кампазітар! Поль рассмяяўся б табе ў твар, ён таксама музыкант — і ты адзіны, на каго ён моліцца і каму зайздросціць. З-за чаго і ўсе выкрутасы ягоныя: моліцца і зайздросціць.
А каханне?.. Ты ўмееш кахаць, як ніхто, без ніякіх высілкаў, калі каханне самаствараецца, як адна рэч ва ўсіх рэчах, і ўжо не сыходзіць, бо няма яму куды сысці, раз яно ва ўсім, і нездарма ўсе твае каханыя, хоць цябе і не вытрывалі, засталіся з табой, развітаўшыся, і ты застаўся з імі...”
Я не бачыў ні разу, каб штосьці Лі-Лі дзе-небудзь запісвала. Не здзівіўся б, калі б зусім яна не ўмела пісаць, хоць і дачка кітайскага прафесара...
Дзіця дао.
Як гучыць:дзі-ця-дао. Нават больш па-кітайску, чым па-кітайску...
Яна і не пісала мне пісьмо ў турму, проста склала разам лісткі, з розных сшыткаў і нататнікаў павырываныя. Выйшла нешта накшталт дзённіка з адрасатам.
“Ты навучыў мяне каханню, бо некаму яно дадзена, а некага трэба вучыць — і выйшла, што я нарадзілася, каб спаткаць цябе і кахаць. Для мяне настала свята са штодзённым феерверкам, які кітайцы прыдумалі, небёсы палалі! — і ў нейкі момант, калі бліскалі нябёсы так, што глядзець было невыносна, я прачытала ў іх: “Лі-Лі, ты страчваеш волю”. Гэта знак быў, трэба ведаць, што для мяне воля, волі мяне бацька пазбавіць хацеў, увабраць мяне ўсю ў сябе, і я пачала змагацца за волю з каханнем, як змагалася з бацькам, успомніўшы, што пазнаёмілася з табой не для сябе, а для Зоі. Можаш не казаць нічога, сама ведаю, як яно выглядае, але гэта адна рэч ва ўсіх рэчах — і так выглядае з твайго боку, не з майго. Мне шкада Зою, я люблю яе — і гэтак прыдумала, гэтак хацела, старалася дапамагчы”.
“... і ўказам прэзідэнта... — зялёнае вочка антыкварнай радыёлы “Рыгонды” хітра прыжмурылася... —
І, калі ласка, музыка... Мажорная, сцвярджальная, якая і павінна быць не пры нейкім там кітайскім, якога няма, а пры нашым, які ёсць, прэзідэнце і прызначаным ім новым старшыні, які, канечне, куды лепш забяспечыць нацыянальныя інтарэсы краіны, чым старшыня папярэдні. Таму, дарагія суайчыннікі, браты і сёстры, папярэдняга прэзідэнт пратурыў, а новага прызначыў...
Нязвыкла для лабуха, паважна сябе адчуваеш, калі наўкол маняць, пляткараць, а ты — адзін з нямногіх — ведаеш, што і чаму насамрэч адбываецца. Росцік кажа, што гэта кайф, і называецца ён далучанасць... І што мог бы я такога кайфу колькі заўгодна мець, і з Росцікам ім дзяліцца, калі б не быў кончаным лабухам.
“А ты ўяві, — кажа Росцік, — што не толькі ведаеш, але і вырашаеш, як насамрэч павінна быць... Гэта ж майнкайф!”
Чым менш маеш, тым менш згубіш, Росцік...
“Ты ў Зоі даўно ў кумірах, вы нават танцавалі аднойчы ў рэстаране ў Ялце, мы адпачывалі там, а вы гастраліравалі. Мне чатыры гады было — і я цябе з-за п’янага стала выцягнула, падвяла да Зоі, бо ведала, што яна гэтага хоча, ды сама падыйсці не асмельваецца. Танец конкурсным аб’явілі, вы з Зояй шампанскае выйгралі, ты выпіў з ёй і на канцэрт нас запрасіў, але назаўтра не сустрэў, як абяцаў, каля летняга тэатра. Забыўся, а Зоя плакала. І тады я цябе на ўсё жыццё ўзненавідзела”.
“Пракаментаваць новыя прызначынні на высокія дзяржаўныя пасады мы папрасілі новага памочніка дзяржсакратара Рычарда Пятровіча Красевіча...”
Пусцілі ў рост Красевіча. Без выбараў — чакаць няма калі — у міліцэйскія міністры пагналі... Каб нідзе і ніякага недагляду, каб паўсюль былі зусім свае.
З патэльні плясь...
“Прэзідэнт заклапочаны тым, што значная частка сродкаў ад экспарту нашых тавараў, у тым ліку зброі, якой Беларусь мае права гандляваць нароўні з Расіяй (чаму толькі з Расіяй?), патрапляе не ў дзяржаўную казну на патрэбы народа, а ў рукі злодзеяў, за што адказны ў першую чаргу Камітэт дзяржаўнай бяспекі і персанальна былы ягоны старшыня...”
Прыкладвае, як песню пяе...
Каб забраць распрацоўкі Рутнянскага, з Масквы так цісканулі, што прэзідэнт і не рыпнуўся: галаву б адбілі. Таму дурнем, як ён гэта ўмее, прыкінуўся: забірайце, маўляў, мы і не думалі, што яно вам патрэбнае... Але потым з тымі, хто не выявіў асабістай адданасці, расправіцца яму ніхто не замінаў. Ён і расправіўся, яшчэ б не...
Росцік застаўся ў сябрах з Красевічам, які данёс адразу, што не аднаго старшыню, але і Панка, і шмат каго з КДБ пратурылі, нават начальніка турмы.
Турэмшчыка, я падумаў, папёрлі правільна: пасля душагубкі, у якую ён мяне засунуў, я вокны ў кватэры не зачыняю — і зрэдку ў іх заносіць ветрам пажоўклыя лісты, хоць яшчэ толькі жнівень... Чамусьці восень апошнімі гадамі ўсё раней і раней наступае.
Лідзія Паўлаўна папрасіла па фікус з’ездзіць, баючыся, што ў падворку Амеда ён асыплецца... “Я сумую без яго, Раман”. Як гэта без фікуса сумаваць можна?..
Не асыпаюцца фікусы. Ападаюць — ліст за лістом, зноў ліст за лістом...
Ці Лідзія Паўлаўна не пра фікус?.. Пра смерць Ігара Львовіча мы з ёй, нібы па дамоўленасці, не гаворым.