Лабух
Шрифт:
Няхай тады Фелікс адкажа — і Фелікс адказвае: “Бо ты лабух, слабак. Я сёння бачыў, як табе пальцы са страху курчыла, ты б і не паказаў тыя паперы нікому, каб не Лі-Лі”.
Выходзіць, Лі-Лі маўчыць, бо думае: “Каб не ўсё я сама, тады б ніхто — і ты б сядзеў, як мыш пад венікам”. І хоць яно не так, але як дакажаш?..
“А фотаздымак?.. — пытаю я, бо мне так крыўдна, што Лі-Лі пакрыўдзіць хочацца, каб плаўна адвярнулася. — Няхай паперы, але нашто фотаздымак было для Панка красці?..”
Лі-Лі, як заўсёды, калі крыўдуе, плаўна адварочваецца і кажа там, куды адвярнулася:
“Я
“Ты і Фелікса кахаеш?..”
Лі-Лі там, куды адвярнулася, маўчыць, а Фелікс пытае:
“А чаму не? Чаму толькі цябе?..”
Як гэта: чаму толькі мяне?.. А каго яшчэ?.. Зараз я скажу яму, чаму толькі мяне:
“Я ў прэзідэнта страляць хадзіў, Фелікс!”
“З-за рэўнасці. Гэта рэўнасць цябе павяла, яна страху не ведае, а не ты”.
“Я і ёсць мая рэўнасць, хто ж яшчэ?.. І не толькі з-за яе, але і з-за цябе, з-за ўсяго, бо невыносна — як так жыць можна?.. Нельга, мне адкрылася, што нельга... Абойма ў пісталеце амаль поўная, без аднаго патрона — і ты паглядзеш, калі выйдзем адсюль...”
Калі выйдзем.
Холадна ў турме.
Не так нават холадна, як вусцішна, сціскае ўсяго, здушвае, бо камера — ці карцэр — клетка метры тры на паўтары, а ў мяне клаўстрафобія. Я з дзяцінства сабак, бо шалёны пакусаў, і замкнёнай прасторы баюся, бо ў трубе малым засеў — мужыкі вяроўкамі выцягвалі. На ўскрайку поля труба ляжала — доўгая і вузкая, толькі ўлезці — я і ўлез. А яе з другога, надветранага канца пяском зажарствелым забіла — гэтак, нібы абруч скамянелы ў трубу ўставілі — і ўперад не пралезці, і назад ніяк: не паўзецца назад. Я б сканаў у той трубе, сэрца б разарвалася — жах у яго ўвайшоў несусветны нейкі — калі б Жорка Дыдзік, які казу шукаў, мужыкоў не паклікаў...
Пасля я стаў панічна баяцца ўсяго, што замкнёнае, у спальні дзверы пакідаў прыадчыненымі, абедзьве жонкі злаваліся, а я не ведаў, што хворы, пакуль мы ў Калінінград, на Балтыйскі флот з канцэртамі не паехалі. Там камандзір падводнай лодкі са мной пасябраваў, у лодку зацягнуў — і ў паход на тры гадзіны, кантрольны нейкі паход пасля рамонту лодкі, каб я адчуў рамантыку. Без ніякага дазволу мяне ўзяў — гэта яму потым зоркі на пагонах каштала. Лодка не атамная, старая дзізельная, яна разаграецца ўнутры і ніяк не астуджваецца, духата ў ёй, як у лазні, але найстрашнае — я ў трубе. Нідзе не стаць, каб не прыгнуцца, не прайсці, каб не ўдарыцца, лёг у камандзірскай каюце, ды якая там каюта, трохі большая за труну — і паплыў у нікуды... Усплыў у шпіталі, дзе лекары сказалі пра хваробу... Так што кулакі аб мяне можна было і не збіваць, з мяне камеры гэтай — ці карцэра — дастаткова.
Збілі мяне адразу, як толькі ў камеру, ці карцэр, завялі — Шыгуцкі, мусіць, каб збілі адразу, начальніку турмы загадаў. Калі збіваюць, цела ніяк не расслабіць, Панку, пэўна, не ўломвалі ніколі, не лез бы з парадамі...
“Ты мне пра тое, што хворы, не расказвай... — падазрона, нібы я здацца надумаў, глядзіць на мяне Фелікс і яшчэ пытае: — Камандзірам хочаш стаць?”
“Якім камандзірам?” — думаю я пра
Чаму Жаваранак палкоўнік?.. Хоць, можа, і палкоўнік, чаму не?..
“Як ты, Юрка, палкоўнікам стаў?”
“Служыў”.
У мяне ў Маскве знаёмы палкоўнік быў, амаль сябар, ён у ракетна-касмічных войсках служыў, мы з ім трэцяю сусветную вайну распачаць збіраліся, шкада, што не распачалі.
“Ты Анну не сустракаў? — пытае капітан-артэлерыст, які не стаў яшчэ палкоўнікам. — Можа, яна ў турме?”
“Не сустракаў...” — маню я, убачыўшы Анну, падобную на Марту.
“Тады дзе яна падзелася?”
“Не кажы яму пра нас нічога... — шэпча Анна і падае шалік. — Прыкрыйся, замерзнеш”.
З шалікам трохі цяплей.
Але за што Анна ў турме?
“Бо жыццё мне паламала... — усхліпвае Ніна і тут жа вінаваціцца: — Даруй, што шалік выкінула. Адкуль мне было ведаць, што ўсё так павернецца?..”
“Слаўная якая!.. — здзіўляецца Анна, — і чаго вам не жылося?.. — а Ніна папраўляе на мне шалік:
“Не ляталася”.
“А са мной?..” — пытаецца Марта, і мне хочацца, каб Анна з Мартай пазнаёміліся, каб Анна заўважыла, як Марта на яе падобная, ды Росцік нервуецца:
“Досыць з бабамі разбірацца!”
Росцік чуў, як на развітанне, рэбрам далоні так па кадыку даўшы, што душа рванулася пад горла і не пракаўтнуць яе было, мяне папярэдзілі, каб у дзверы пагрукаў і сам ведаю да каго папрасіўся, калі не хачу, каб зноў біць прыйшлі. Бо, прыйшоўшы, біць ужо будуць, калі нават папрашуся. Таму Росцік і кажа: досыць з бабамі разбірацца, — і зразумела, з кім мне разбірацца, калі не з бабамі; Росціку шкада мяне, а Адаму Захаравічу, які ў сібірскім лагеры ў партыю ўступіў, не шкада:
“Адбілі табе ныркі, ашувурак! Дзе і за што донарскія возьмеш?”
З Адамам Захаравічам дагаварыць хацелася б, давесці яму нарэшце, што дарэмнае ў канвойных войсках ён жыццё пражыў, але Іосіф Данілавіч, палатны доктар, не дазваляе:
“Не трывожце, Адам Захаравіч памёр”.
“А Зіначка?..” — чамусьці не магу я ўспомніць, ці жывая, ці лялька Зіначка, і збіраюся пра тое ў Крабіча спытацца, а Крабічу не трэба, каб я ўспомніў:
“У заклад іду, што папросішся задніцу вылізваць!”
За чвэрць стагоддзя, за дваццаць пяць гадоў, якія мы разам, Крабіч наўрад ці калі-небудзь пра мяне прыстойна падумаў, а тым больш сказаў — у чым жа мы сябры?
“А ты б не папрасіўся?”
“І ён бы па-пра-сіў-ся...” — апрануты ў форму брата-міліцыянта, заведзена, механічна прамаўляе і лялькай ківаецца жалезны Фелікс, у кампаніі з якім Крабіч на Грушаўцы гарэлку п’е — і яшчэ з прэзідэнтам, а казаў, што будзе піць з Хусейнам і Арафатам. Прэзідэнт думае, што я ўжо гатовы да таго, каб вылізваць, порткі сцягвае і выстаўляецца: