Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Сьцяна

Быкаў Васіль

Шрифт:

Немалую шкоду афіцэрскаму саставу нанёс славуты загад Галоўнакамандуючага нумар 227, вядомы ў войску пад дэвізам «Ні кроку назад». Улетку 1942 году, імкнучыся пераканаць сябе ды ўласнае камандаваньне ў недапушчэньні далейшага адступленьня на ўсход, Сталін усю строгасьць выкананьня гэтага імпэратыву пераклаў на франтавых камандзіраў сярэдняга й ніжэйшага зьвяна, якія адступалі, хіба што страціўшы магчымыя сродкі да абароны. Шмат хто зь іх паплаціўся за тое жыцьцём. Зь першых жа дзён аб'яўленьня загаду пачалося дзікае паляваньне на тых, хто адступіў без загаду. Імі аказаліся, напрыклад, нейкі камандзір палка, якому спазьніліся перадаць загад абараняць пэўны рубеж; камандзір батальёна, што не пасьпеў за кароткую летнюю ноч заняць прызначаныя яму пазыцыі, а раніцай трапіў пад разгромны ўдар нямецкай авіяцыі; малодшы лейтэнант, які камандаваў мінамётнай ротай ды заблукаў у бязьлюдным стэпе. Трыбуналы тае пары працавалі з поўнай нагрузкай. Ад вышэйшых штабоў няспынна патрабавалі зьвестак аб колькасьці расстраляных за суткі, за тыдзень і дэкаду, асобна па катэгорыях — старэйшых і малодшых афіцэраў, камуністаў

і беспартыйных, па сацпаходжаньні і нацыянальным складзе. Такога роду паказчыкі зьяўляліся, апроч іншага, і падставай для ўзнагароджаньня афіцэраў карных органаў, шмат якія за гады вайны і былі шчодра ўзнагароджаныя. Цяпер тыя людзі — героі нароўні зь іншымі, несумненнымі героямі, і мала хто здагадваецца, якім чынам заслужаныя іхныя ўзнагароды. Асабліва прыкрытыя распаўсюджанай цяпер міфалягемай: прайшлі вайну «ад званка да званка». У «сьмершы» ці ў трыбунале можна было пасьпяхова прайсьці не адну вайну…

Вайсковыя газэты тае пары, малыя і большыя, зьяўляліся адно сродкам палітычнай прапаганды, разьлічанай на самага масавага і прымітыўнага чытача. Штодзённыя зводкі Інфармбюро — вось адзіны элемэнт іхнай інфармацыйнасьці, у якіх, аднак, старанна шыфравалася ўся геаграфія баявых дзеяньняў, усе назовы часьцей і падразьдзяленьняў. Стандартныя баявыя прыклады для перайманьня, эпізоды баёў на ўзроўні роты-батальёна, прапагандавыя выступленьні штатных палітработнікаў у духу выхаваньня «навукі нянавісьці», прыдуманыя «клятвы» байцоў, «не шкадуючы жыцьця, біць азьвярэлага ворага». Шырока прапагандавалася ахвярная героіка абароны і хоць бы невялічкія посьпехі наступленьня. У выпадку няўдачы выкарыстоўваўся суцяшальны стэрэатып накшталт таго, што немцы плянавалі захапіць горад К. учора, але слаўныя абаронцы сарвалі каварныя пляны ворага, якому ўдалося заняць К. толькі сёньня. У выпадку ўдачы прыводзіліся заўжды яўна завышаныя лічбы стратаў праціўніка і падрабязны пералік трафэяў: вінтовак, гармат, кулямётаў, аўтамашын, коней, фурманак… Нашыя страты ўтойваліся. Фатаграфіяў забітых з нашага боку газэты не друкавалі да канца вайны, вайсковым фотакарэспандэнтам здымаць целы забітых савецкіх воінаў катэгарычна забаранялася. Праца вайсковых карэспандэнтаў, як пісаў яшчэ ў гады вайны сам вайсковы карэспандэнт Аляксандар Твардоўскі, вельмі нагадвала таго добрасардэчнага гультая, які, назіраючы, як сякуць дровы, старанна «хакаў», наіўна думаючы, што тым памагае дрывасекам.

Наступалі, як заўжды, перамагаючы ня так уменьнем, як колькаснай перавагай, галоўным чынам у жывой сіле, справіцца зь якой не маглі ўжо і немцы. Нямецкі генэрал і ваенны гісторык Ціпельскірх пісаў, што, калі суадносіны сілаў на фронце склалі 1:10 на карысьць рускіх, стала зразумела, што вайна прайграная. I сапраўды, да сорак чацьвертага году на поўную магутнасьць запрацавала вайсковая прамысловасьць, на фронт няспынным патокам пайшлі ня толькі людзкія папаўненьні, але і ўзбраеньне, тэхніка, боепрыпасы. Вельмі дапамагалі саюзьнікі, асабліва ЗША, іх славутыя пастаўкі па ленд-лізу. Амаль увесь наш франтавы аўтатранспарт складаўся з амэрыканскіх аўтамабіляў — «фордаў», «шэўрале», «студэбэкераў», «доджаў», «вілісаў». Нашмат горш было з прадуктамі харчаваньня, хлебам; нярэдка арміі, і нават франты, харчаваліся ў літаральным сэнсе з падножнага корму. У канцы 1943 году I Украінскі і I Беларускі франты апынуліся бяз хлеба і змушаныя былі раскопваць у Сумскай вобласьці няўбранае ўлетку, завеянае сьнегам жыта, сушыць яго, абмалочваць і з таго пячы хлеб, карміць войска. Пры падрыхтоўцы Яса-Кішынёўскай апэрацыі харчовая праблема вырашалася больш простым спосабам: зь пятнаццацікілямэтровай прыфрантавой паласы былі выселеныя ўсе малдаўскія сёлы, харчовыя запасы якіх рэквізаваліся для двух Украінскіх франтоў. Чыгуначны ды іншы транспарт на той час вазіў выключна боепрыпасы і зброю для будучых апэрацыяў.

Вайна дарэшты разбурыла эканоміку эўрапейскай часткі СССР. Гарады ляжалі ў руінах, калгасная сельская гаспадарка была зусім дабітая баявымі дзеяньнямі войска — сьпярша пры ягоным руху на ўсход, а затым — на захад. Галодная Ўкраіна не магла пракарміць шматмільённыя арміі, што прыйшлі на яе зямлю, самі сяляне звыкла і даўно галадалі. Франтавікі харчаваліся небагатым пайком, што складалі кавалак чорнага (з сурагатамі) хлеба, паўкацялка пярловага супу, лыжка пярловай ці пшоннай кашы або вэрмішэлі. Упершыню мы наеліся толькі за межамі роднай краіны, на зямлі, ня толькі не разбуранай вайною, але й не кранутай калгаснай сыстэмай. Для тых, хто ваяваў на поўдні, такой краінай стала Малдавія. Белы хлеб, мяса, сыр, брынза, садавіна, віно… Нібы задоўжанае сьвята пасьля мноства галодных гадоў. Але сьвята ўсё ж скончылася. Чатыры месяцы стаяньня ў абароне вялізнай колькасьці войска панішчылі ўсё харчовае багацьце гэтай краіны. Пасьля таго, як мы пайшлі далей на захад увосені сорак чацьвертага году, яна засталася такой жа разбуранай і аб'едзенай, як і ўсе папярэднія.

Затое чарговы прыемны сюрпрыз паднесла нам Вэнгрыя зь яе па-эўрапейску высокай бытавой культурай, не па ваенных гадах харчовым багацьцем, надзіва рацыянальна арганізаванай сельскай гаспадаркай. Войскі адразу ж перайшлі на самазабесьпячэньне, на багаты й даступны «падножны» корм. Зьдзіўляла таксама цярпімасьць і гасьціннасьць насельніцтва Вэнгрыі, армія якой фактычна ваявала на баку Нямеччыны. А між тым не запомніўся ніводны выпадак адкрытай варожасьці ці сабатажу ў адносінах да «гасьцей з усходу», усюды мы сустракалі калі ня радасьць, дык стрыманае разуменьне агульнай бяды, якую абрынуў на нас нямецкі фашызм і ў лягеры якога так ці інакш апынулася Вэнгрыя. Жыцьцё гэтага эўрапейскага буржуазнага грамадзтва надта ж не стасавалася з тым, што мы пра яго чулі ад прапагандыстаў-палітрукоў, і тыя з

нас, што былі старэйшыя гадамі і разумнейшыя, заклапочана хмурыліся ад убачанага; маладым жа давялося задумацца пра тое пазьней.

Як пачаліся наступальныя апэрацыі Чырвонай Арміі, дык у войску паявілася ўсё большая цяга да баявых трафэяў. Прызвычаеныя да ўмоваў франтавога аскетызму, мы ўбачылі, што нямецкаму войску ўласьцівыя некалькі іншыя бытавыя стандарты, і што ў пакінутых імі акопах (таксама як і ў палонных) можна чым-колечы пажывіцца. Перш за ўсё тым, што патрэбна салдату на кожны дзень. Нарасхват ішлі добрыя салдацкія боты (замест нашых чаравікаў з абмоткамі), цьвярдыя дзягі са спражкамі, зь якіх звычайна выпілоўвалі ненавісную свастыку, скураныя сумкі, коўдры, камуфляжныя плашч-накідкі. Як заўжды, папулярнымі былі гадзіньнікі, электраліхтарыкі, запальнічкі і розная папяровая драбяза — паперы ж ні для лістоў, ні для цыгарак на фронце не давалі. Апроч таго, здаралася, што захоплівалі харчовыя склады з рознай правізіяй: шакалядам, кансэрвамі, каньяком. Сувязісты стараліся ў наступленьні разжыцца найперш трафэйнымі тэлефоннымі апаратамі і дротам у каляровай плястыкавай абалонцы.

Карысьлівая зацікаўленасьць у трафэях дасягала апагею, як вайна перакацілася ў Эўропу, на тэрыторыю Нямеччыны. Тут пайшло па сутнасьці легальнае рабаўніцтва на ўсіх узроўнях, прытым, зразумела, найбольшая здабыча даставалася тылавікам ды начальству, якое карысталася транспартам. У часьцях былі створаныя і актыўна працавалі трафэйныя каманды. Салдатам і афіцэрам дазвалялася пасылаць пасылкі на абрабаваную радзіму, і начальства звычайна заплюшчвала вочы на тое, што рэчы для іх здабываліся зусім не на полі бою. У гэты час салдацкія рэчмяшкі прыкметна патаўсьцелі ў аб'ёме, таксама як і супрацьгазавыя сумкі, зь якіх даўно ўжо павыкідвалі супрацьгазавыя маскі і клалі болей патрэбныя рэчы: бялізну для жонкі, якіх пару падмётак, а то й кавалак скуры на боты, часам дзіцячы гарнітурчык або адрэз крэпдэшыну на сукенку. У перапынку паміж баямі можна было бачыць, як салдаты, прысеўшы дзе-небудзь на беражку траншэі ці пад зялёнай агароджай, старанна зашываюць у матэрыю свае пасылкі, якія потым старшына адвязе на палявую пошту. Генэралітэт ды іншае начальства свае баявыя трафэі вывозілі звычайна аўтамабільным і чыгуначным транспартам і зьбіралі іх зусім не з падмёткаў і дзіцячых куртачак. Трафэйныя каманды адбіралі для іх пушніну, фарфор, музычныя інструмэнты, мэблю. А то й прамысловае абсталяваньне. Часам узьнікалі кароткія канфлікты, калі падначаленым не ўдавалася ўберагчы ад начальніцкай увагі некаторыя іх каштоўнасьці, што лёгка рабілася чужой здабычай. Зрэшты, канфлікт хутка ўлагоджваўся: пацярпелы бок, у сваю чаргу, кампэнсаваў страту за кошт уласных падначаленых.

У канцы вайны, хоць напружаньне баёў не слабела, а то й мацнела, паявілася надзея выжыць. Ва ўсіх без выключэньня — ад салдата да камандуючага. Гінуць працягвалі штодзень, а то й кожную гадзіну, але з новай магчымасьцю паявіліся і новыя адносіны да вайны. Пачаліся малыя й вялікія, не заўжды прыстойныя хітрыкі на полі бою, ва ўзаемаадносінах з камандзірамі. Сталі нярэдкімі выпадкі, калі зусім бездакорныя раней афіцэры пачалі выяўляць празьмерную засьцярожлівасьць, а то й нерашучасьць, што блізка межавала са злачынствам. Часам гэта кепска канчалася, часам абыходзілася. Нарэшце, было разуменьне, што вайна ўсё сьпіша. I сьпісвала. Усё ж начальніцкая жорсткасьць, уласьцівая першапачатковаму пэрыяду вайны, зьмянілася на пэўную памяркоўнасьць, афіцэры ўжо болей-меней прыцёрліся ва ўзаемаадносінах. Як і заўжды ў войску, самай каштоўнай якасьцю стала паслухмянасьць, гатоўнасьць выканаць усё, што загадана, як гэта і патрабавалася ў кожнай вайсковай ці таталітарнай сыстэме.

Гераізм, як вядома, паважаецца на кожнай вайне, у нас жа ён стаў ці не адзіным рэальным сродкам перамогі, прадметам галоўнага клопату з боку паліторганаў, на прапагандзе якога будавалася ўся іх работа. Вядома ж, на аснове традыцыйнага сацспаборніцтва: паміж байцамі, аддзяленьнямі, ротамі. Хто болей панішчыць немцаў, танкаў ды кулямётаў, прасунецца ў наступленьні. Усё падагульнялася сродкамі прапаганды і статыстыкі, старанна дакумэнтавалася, хоць і зьяўлялася па сутнасьці плёнам палітычнага ўяўленьня. Камандаваньне да папяровай творчасьці сваіх нампалітаў ставілася цярпіма, хіба што з пэўнай іроніяй. Як, зрэшты? і да ўсёй палітпартнадбудовы, вуха зь якой, тым ня менш, трэба было трымаць востра. Усур'ёз камісары дапамагчы наўрад ці маглі, нашкодзіць жа — колькі заўгодна. Страявыя камандзіры тое добра засвоілі яшчэ з даваеннага часу.

Цікава, што ў вэрмахце не было паліторганаў, і быццам бы не было каму натхняць салдатаў як найхутчэй аддаць жыцьцё за радзіму. Гераічных жа прыкладаў там было ня менш, чым у нашай арміі. Як, зрэшты, і ўмельства, баявога майстэрства. Чырвоная Армія за вайну наладзіла немцам адзін буйны, армейскага маштабу «кацёл» — Сталінградзкі, а колькі нашых арміяў зь мільёнамі салдат і камандзіраў скончылі сваё існаваньне ў шматлікіх «катлах» — на Ўкраіне, у Беларусі, у Падмаскоўі. Нават ужо напрыканцы вайны, зімой 1945 году ў Вэнгрыі, немцы амаль разграмілі III Украінскі фронт, што складаўся зь некалькіх арміяў, і толькі наяўнасьць стратэгічных рэзэрваў ды некаторыя выпадковасьці (пайшоў лёд па Дунаі і пабурыў пераправы, тым адрэзаўшы шлях на ўсход) засьцераглі ад разгрому ўсёй балканскай групоўкі Чырвонай Арміі. Шырокавядомыя баявыя рэкорды нашых герояў-лётчыкаў Пакрышкіна і Кажадуба, якія зьбілі за вайну адпаведна 59 і 62 самалёты. Але шмат гадоў мы нічога ня ведалі пра нямецкіх асаў-зьнішчалькаў Хартмана і Баркхорна, якія зьбілі 347 і 301 савецкі самалёт. Усяго ў нямецкай арміі налічвалася каля ста пілётаў, кожны зь якіх зьбіў больш за 100 нашых самалётаў. Ці гэта не нагода для вайсковых гісторыкаў паразважаць пра ступені майстэрства, таксама як і пра якасьць нашай хвалёнай авіятэхнікі?

Поделиться:
Популярные книги

Мой муж – чудовище! Изгнанная жена дракона

Терин Рем
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Мой муж – чудовище! Изгнанная жена дракона

Дни мародёров

-Joy-
Детективы:
триллеры
5.00
рейтинг книги
Дни мародёров

Противостояние

Гаевский Михаил
2. Стратег
Фантастика:
боевая фантастика
космическая фантастика
5.25
рейтинг книги
Противостояние

Первый среди равных. Книга IV

Бор Жорж
4. Первый среди Равных
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Первый среди равных. Книга IV

Предопределение

Осадчук Алексей Витальевич
9. Последняя жизнь
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Предопределение

Перекресток судеб

Щепетнов Евгений Владимирович
6. Нед
Фантастика:
фэнтези
8.84
рейтинг книги
Перекресток судеб

Черный Маг Императора 10

Герда Александр
10. Черный маг императора
Фантастика:
юмористическое фэнтези
попаданцы
аниме
сказочная фантастика
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Черный Маг Императора 10

Eroshort

Eroshort
Дом и Семья:
образовательная литература
3.40
рейтинг книги
Eroshort

Источники силы

Amazerak
4. Иной в голове
Фантастика:
боевая фантастика
рпг
аниме
5.00
рейтинг книги
Источники силы

Наследник

Старый Денис
1. Внук Петра
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
6.25
рейтинг книги
Наследник

Кодекс Охотника. Книга XXIX

Винокуров Юрий
29. Кодекс Охотника
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Кодекс Охотника. Книга XXIX

Бояръ-Аниме. Газлайтер. Том 34

Володин Григорий Григорьевич
34. История Телепата
Фантастика:
фэнтези
боевая фантастика
аниме
5.00
рейтинг книги
Бояръ-Аниме. Газлайтер. Том 34

Бастард Императора. Том 5

Орлов Андрей Юрьевич
5. Бастард Императора
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Бастард Императора. Том 5

Лекарь Империи 5

Карелин Сергей Витальевич
5. Лекарь Империи
Фантастика:
городское фэнтези
аниме
героическая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Лекарь Империи 5