Чтение онлайн

на главную - закладки

Жанры

Сьцяна

Быкаў Васіль

Шрифт:

Каму не вядома, што жыцьцё пехацінца на фронце самае кароткае, звычайна ў пяхоце не затрымліваліся. Тыдзень у наступленьні, месяц у абароне — такі быў максымальны тэрмін для салдата стралковага батальёна, за якім наставаў «земаддзел» або «здраўаддзел», — як невясёла жартавалі пехацінцы. I калі былі іншыя роды войска, якім таксама даставалася на вайне (танкавыя, сапёрныя войскі, зьнішчальная ды штурмавая авіяцыя), дык іхная дзейнасьць хоць бы варта ацэньвалася. Галоўнай, калі не адзінай такой ацэнкай з боку дзяржавы было ўзнагароджаньне. Іерархія ўзнагародаў, як і сама працэдура ўзнагароджаньня, былі ня так вызначаныя заканадаўча, як складаліся паводле пэўнай самачыннай традыцыі. Ніхто з падначаленых ня мог быць узнагароджаны раней за свайго камандзіра, ніводны начальнік не імкнуўся ўзнагародзіць падначаленага, калі ня быў узнагароджаны сам. Ордэны звычайна разьмяркоўваліся зусім не паводле заслуг, як пра тое прынята меркаваць, а ў залежнасьці ад пасады. Ордэн Чырвонай Зоркі давалі камандзіру ўзвода, Айчыннай вайны

другой ступені — камандзіру роты, першую ступень атрымліваў камандзір батальёна, які пад канец вайны заслужыў таксама ордэн Чырвонага Сьцяга, самую, дарэчы, шаноўную з ваенных узнагародаў. А ўвогуле то быў ордэн камандзіраў і палітработнікаў дывізійнага зьвяна ды яшчэ лётчыкаў. Для генэралітэту існавалі шматлікія палкаводчыя ордэны. Даволі дзіўная мэтамарфоза атрымалася з ордэнам Славы, які ўстанавілі ў сярэдзіне вайны выключна як узнагароду сяржантаў і салдат дзейнай арміі. На вайне ён быў ня надта вышэйшы за папулярны салдацкі мэдаль «За адвагу». Але ў шасьцідзясятыя гады, з ініцыятывы Канстанціна Сіманава, які зьняў дакумэнтальны фільм пра кавалераў гэтага ордэна, апошні дзіўнаватым чынам апынуўся прыроўненым да Залатой Зоркі Героя і ў гэткім статусе застаецца й цяпер. Зрэшты, наогул цяжка было зразумець пэўную лёгіку ў справе ўзнагародаў, колькасьць якіх у брэжнеўскі час дасягнула сотні, а то й болей. Кошт іх пасьля рэзка ўпаў, і, мабыць, не засталося старэйшага грамадзяніна, не ўзнагароджанага хоць бы адным ордэнам — за вайну ці за працу. I не якой-небудзь «Працоўнай Славай», а і палкаводчым ордэнам Леніна — здаецца, самай высокай з усіх нядаўніх узнагародаў. Старанная даярка ў перадавым калгасе мела гэтых ордэнаў болей, чым нават славуты з часу вайны маршал. Недарэчны статус ордэна Леніна дазваляў узнагароджваць ім усіх — ад даяркі да маршала і міністра. Толькі салдату на фронце ён быў недаступны, у салдата не хапала ніякай крыві яго заслужыць. Насуперак папулярнай думцы, на вайне наогул узнагароджвалі ня так і часта. Для многіх салдат, што скончылі вайну, пераможны мэдалёк аказаўся адзінай вайсковай узнагародай, усе астатнія — пазьнейшага, юбілейнага паходжаньня. Сьпярша за кожны ордэн плацілі невялікую суму (на курава), якая неўзабаве пасьля вайны была адмененая, зразумела, «паводле хадайніцтва працоўных». Бальшавікі, як вядома, выдатна ўмелі арганізоўваць такія «хадайніцтвы».

Вайна была даўно, за паўстагодзьдзя вырасьлі новыя пакаленьні. Шкада, аднак, што людзкая памяць пра яе ня толькі скарачаецца ў сваіх магчымасьцях, але й падмяняецца нібы якой антыпамяцьцю, актыўна капітулюючы перад прапагандавымі старэатыпамі. Мы перамаглі лютага ворага — нямецкі фашызм, але ці маем мы права забывацца пра кошт нашай перамогі? I якія яе сапраўдныя мэты — ці толькі разгром фашызму? Што мы прынесьлі на сваіх штыхах вызваленым народам Эўропы? Наколькі ашчасьлівілі палякаў, чэхаў, славакаў, вэнграў, румынаў, балгар і югаславаў, якія й дагэтуль ня могуць выграбціся з выкапанага для іх рова сацыялістычнага шчасьця? Праз паўстагодзьдзя пасьля нашай перамогі, можа, варта задаць сабе элемэнтарнае пытаньне: што мы маем ад той нашай перамогі? Вось немцы, напрыклад, не перамаглі, не перамаглі таксама італьянцы і японцы — стрывалі грандыёзныя нацыянальныя катастрофы. Але з тых катастрофаў яны зрабілі пэўныя высновы і ў выніку так добраўпарадкавалі сваё жыцьцё, як нам не ўпарадкаваць яго ніколі. Значыцца, ці такая адназначная для нас наша гістарычная перамога? Можа, тоіцца ў ёй штосьці і яшчэ, болей для нас важнае? Ці гэта Ўладар сусьвету так адмыслова разьмеркаваў сваю боскую міласьць: каму пустазвонства перамогі, а каму камфортнае жыцьцё? Каб усё па справядлівасьці, як таго і патрабуе мілы для нашых сэрцаў сацыялістычны прынцып разьмеркаваньня зямнога шчасьця.

Чым болей часу мінае з памятнага траўня 1945 году, тым болей пытаньняў ставіць мінулая вайна. Абясцэньваюцца шмат якія зь нядаўных каштоўнасьцяў, узьнікаюць новыя. Маладым пакаленьням здаецца, што для іх настаў час, не зьвязаны з праклятым мінулым, якое стала заслужаным лёсам іхных бацькоў і дзядоў. Але пачакаем з высновамі. Усё ж шмат што ў сьвеце зьвязанае моцнай вяроўчынай, не разблытаўшы тугія вузлы якой, ня надта пасунесься ў Інчасьлівую будучыню. Хоць гісторыя, як вядома, нічому ня вучыць, але й вучыцца ў сябе нікому не забараняе. Таму, вядома, хто хоча, чаму-небудзь навучыцца. Для іншых яна — непатрэбная рэч. У тым ліку і гісторыя мінулай і крывавай вайны.

Пакахай мяне, салдацiк

Аповесьць

Вайна шпарка кацілася пад адхон, днямі быў узяты Бэрлін, а мы ўперліся ў нямецкі абарончы рубеж за невялікім аўстрыйскім гарадком і трэці дзень стаялі на месцы. Немцы часам пастрэльвалі з гарматаў і мінамётаў, і тады сярод ладных, вастраверхіх дамкоў гахалі выбухі, і ўшчэнт разьлятаўся наўкола чырвоны друз чарапіцы. Каб ня той даховачны ды цагляны друз, якім быў закіданы асфальт, было б дужа здатна каціць на ровары, асабліва ад павароткі ўніз да паўразьбітай дамоўкі на рагу, за якой ля рэчкі стаялі акапаныя гарматы. Увогуле было небясьпечна, маглі і падстрэліць, хоць кулі зь недалёкага «перадку» сюды не даляталі. Але каб ня міны. Ад мін, гэтага нямецкага пачварства, схову на перадавой не было нідзе — ні ў полі, ні ў лесе, ні ў горадзе. Хіба ў зямлі. Але ў зямлі ўжо не сядзелася — наседзеліся за вайну.

А тут буяла вясна, напоўніцу зелянела абсыпаная жоўтымі казяльцамі трава на пустцы, у гародчыках пры дамках зацьвітаў бэз, удзень прыгравала сонца. На душы павальнела, нават штосьці зарадавалася ўнутры ў няпэўным прадчуваньні маладой бяздумнай удачы. Асабліва, калі табе трошкі за дваццаць, і ўпершыню за вайну зьявілася спадзяванка выжыць. Ды сёньня трапіўся пад рукі спраўны ровар, на якім не катаўся зь дзяцінства.

З-за асьнежаных хрыбцінаў гор выбавілася ў неба ранішняе сонца, сьляпучымі промнямі нечакана ўдарыла з-за павароткі ля рога шырокага, паўразьбітага выбухам дому. На момант дарога пахіснулася, кола незнарок валюхнула ўбок, і я з добрага разгону грымнуўся на асфальт. Яшчэ аж праехаў колькі крокаў бокам. Перамагаючы боль у калене, падняў галаву і тады ўбачыў людзей. Блізка прыткнуты да ўцалелай сьцяны дамка, стаяў камандзірскі «віліс», зь ім побач — трафэйны «хорх», і застыла купка афіцэраў, якія зьдзіўлена ўтаропіліся ў мяне. Вядома, то было начальства. («I калі іх прынесла сюды?» — няўцямна падумаў я.) Ціха мацюкнуўшыся на іх і на сябе таксама, пачаў нязграбна ўставаць. Надта сьпяшацца ўжо ня мела сэнсу, я выразна адчуваў, што ўліп, і рыхтаваўся па магчымасьці перажыць малапрыемную сустрэчу.

— Паглядзіце на яго! — прагучала тонам, які не абяцаў нічога добрага. — Мабыць, для яго вайна ўжо скончылася! Ён ужо гатовы зламаць сабе галаву на дарозе!..

На маю бяду, то быў сам камандзір нашай супрацьтанкавай брыгады — камлюкаваты, з бычынай шыяй палкоўнік, адмысловы крыкун і мацюгальшчык. У брыгадзе яго і любілі, і баяліся. Болей, аднак, баяліся, бо, сустрэўшыся зь ім адзін раз, сустракацца другі ня надта хацелася. Іншыя ля машын маўчалі. Паставіўшы нагу на бампэр «віліса», углядаўся ў разасланую на капоце карту знаёмы падпалкоўнік са штабу брыгады, ля яго стаяў нейкі маёр у фуражцы колеру хакі. Гэты, апошні, з паблажлівай, староньняй ухмылкай назіраў за маёй нявыкруткай.

— Вінават, — прамычэў я, моршчачыся ад болю ў пабітым калене. Рукаў гімнасьцёркі быў здорава разадраны на локці, і я трохі павярнуў ровар, каб стаць да іх бокам.

— Дзе тваё падразьдзяленьне, лейтэнант? — вызьверыўся камбрыг.

— Вунь гарматы, — нечакана тонкім голасам сказаў я, кіўнуўшы на свой гарматны разьлік, што туліўся праз сотню крокаў ля рэчкі. I тады зьніякавеў яшчэ болей: мае салдаты, выцягнуўшы шыі, як адзін, зь цікавасьцю ўзіраліся ў свайго небараку-ўзводнага, які нечакана трапіў у пераплёт.

— Чый ровар? Крадзены?

— Ніяк не. Трафэйны.

— Які трафэйны? Ты што, яго ў баі ўзяў? — разьюшыўся камбрыг. Яго з гатоўнасьцю падтрымаў падпалкоўнік:

— Тыповы прыклад грабяжу транспартных сродкаў. Ёсьць жа пастанова ваеннага савету, якую належыць строга выконваць.

— Мне грабежнікі непатрэбныя! — адрэзаў камбрыг. — Зараз жа вярнуць ровар. Туды, дзе ўзялі!

— Ёсьць! — паныла вымавіў я, аднак, з палёгкай ад таго, што размова, здаецца, сканчалася. Кульгаючы, з роварам у руках я пабрыў уздоўж дашчатай агароджы лесапільні да агнявой пазыцыі майго ўзвода.

Дзе ўзялі гэты ровар, я ведаў. Учора наш батарэйны санінструктар Пятрушын, калі салдаты акопвалі гарматы, пабегаў па навакольлі, як гэта ён заўсёды рабіў на новым месцы, і з бліжняга катэджа за рэчкай прывалок гэты ровар. Сам паезьдзіў нядоўга, мабыць, вучыўся, некалькі разоў упаў і страціў да ровара цікавасьць. Учора на ім нядоўга пакаталіся хлопцы з гарматнага разьліку, а раніцай узяў я.

З роварам у руках я датэпаў да недалёкай агнявой пазыцыі. На станіне 76-мілімэтровай гарматы сядзеў наводчык Сьцяпанаў, дыміў вялізнаю цыгаркаю з махоркі. Іншыя два сядзелі на броўцы побач. Камандзір гармат сяржант Мядзьведзеў спаў пад палаткай за бруствэрам. Правільны Кананок, самотна пазіраючы ў тыл, жаваў кавалак хлеба. Яны чакалі сьняданак, які прыносілі з батарэйнай кухні. Яшчэ на сьвітаньні туды пайшлі два з кацялкамі, ды штось не вярталіся: мусіць, якая няўпраўка ў старшыны. Было ціха, наперадзе ў гарадку пакуль не стралялі, мабыць, немцы таксама сьнедалі. Батарэя ўжо каторы дзень стаяла ззаду за пяхотай, агню не вяла, чакала прарыву нямецкіх танкаў. Але, мабыць, цяпер, напрыканцы вайны, немцам было не да прарыву — хоць бы як стрымаць нашыя прарывы. Начальства, вядома, разумела тое, але ўсё роўна рабіла, як патрабавала вайсковая навука — вядома, дзеля перасьцярогі, каб чаго ня выйшла. Але ўжо пэўна нічога ня выйдзе — немцы ўжо ня тыя, што ў ранейшыя гады, і нават у ранейшыя месяцы. Як чатыры месяцы таму пад Балатонам, калі яны задалі нам клопату. Прарвалі фронт і гналі аж да Дунаю. Тады наш полк страціў усе гарматы і мноства людзей. Рэшта даваёўвае ў пяхоце.

— Кананок, — паклікаў я маладога салдата. — Адвядзі ровар. Вунь у той дом.

Кананок, як заўжды, сьпярша ніякавата заўсьміхаўся, зірнуў на ладны катэдж пад гарой, за бурліваю горнай рачулкай.

— Нішто сабе дамок! Палац.

Ну, не палац, канечне, але катэдж сапраўды быў спраўны, — каменны, двухпавярховы, з абведзенымі белаю фарбай высокімі вокнамі. Каля ўваходу расьлі дзьве старыя елкі, а па гранітнай сьцяне распаўзлася густая крапанка плюшчу, які спазьнела зелянеў першай дробнай лістотай. Уздоўж рачнога берагу відаць была невысокая драцяная агароджа. Ззаду між дамоўкай і стромкай скалой высіліся старыя дрэвы, з куп'я якіх выглядваў чырвоны дах, завершаны невялічкаю, пад зялёным каўпаком, вежаю. Мусіць, гаспадарыў там ня бедны аўстрыец.

Поделиться:
Популярные книги

Источники силы

Amazerak
4. Иной в голове
Фантастика:
боевая фантастика
рпг
аниме
5.00
рейтинг книги
Источники силы

Герой

Бубела Олег Николаевич
4. Совсем не герой
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
9.26
рейтинг книги
Герой

Газлайтер. Том 26

Володин Григорий Григорьевич
26. История Телепата
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Газлайтер. Том 26

Неучтенный элемент. Том 12

NikL
12. Антимаг. Вне системы
Фантастика:
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Неучтенный элемент. Том 12

Золотой ворон

Сакавич Нора
5. Все ради игры
Фантастика:
зарубежная фантастика
5.00
рейтинг книги
Золотой ворон

Курсант: Назад в СССР 7

Дамиров Рафаэль
7. Курсант
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Курсант: Назад в СССР 7

Ким

Киплинг Редьярд Джозеф
Приключения:
исторические приключения
7.62
рейтинг книги
Ким

Газлайтер. Том 38

Володин Григорий Григорьевич
38. История Телепата
Фантастика:
городское фэнтези
аниме
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Газлайтер. Том 38

Почем цветочек аленький?

Луганцева Татьяна Игоревна
Женщина-цунами
Детективы:
иронические детективы
7.88
рейтинг книги
Почем цветочек аленький?

Гром Раскатного. Том 2

Володин Григорий Григорьевич
2. Штормовой Предел
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Гром Раскатного. Том 2

Эпоха Опустошителя. Том VIII

Павлов Вел
8. Вечное Ристалище
Фантастика:
аниме
фэнтези
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Эпоха Опустошителя. Том VIII

Вперед в прошлое 3

Ратманов Денис
3. Вперёд в прошлое
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Вперед в прошлое 3

Адмирал южных морей

Каменистый Артем
4. Девятый
Фантастика:
фэнтези
8.96
рейтинг книги
Адмирал южных морей

Бастард Императора. Том 4

Орлов Андрей Юрьевич
4. Бастард Императора
Фантастика:
попаданцы
аниме
фэнтези
фантастика: прочее
5.00
рейтинг книги
Бастард Императора. Том 4