Ціша
Шрифт:
Ён пакрысе прывык піць і філасофстваваць. А слухачом хочаш не хочаш даводзілася быць жонцы.
— Пра якую працу можа быць гаворка, калі людзі бачаць, як дваццацігадовы хлапчук адным націскам клавішы на камп’ютары зарабляе мільён даляраў?
— І ты будзеш зарабляць мільён даляраў, — з цвёрдай упэўненасцю казала жонка. — Кінеш гэты камвольны, час з’явіцца…
— Пры чым тут час? — злаваўся Адольф. — Я ў цэлым бяру! Увогуле сітуацыю!..
Паступова ў яго разважаннях усё больш пачало з’яўляцца агрэсіўных нотак. Адольф выпіваў; разам з алкаголем наліваўся нядобрым імпэтам,
Нібыта ён быў які суддзя, ці пракурор, ці народны абвінаваўца, а ўяўная аўдыторыя (жонка) перад ім — падсудныя.
Сэнс яго «выкрыванняў» зводзіўся да таго, што ўсе вакол кепскія, адзін ён добры.
Злодзеі, бессаромнікі, прайдзісветы стварылі, у яго, Адольфа, не папытаўшы, самы што ні на ёсць дзікі капіталізм, пад шумок пабудавалі ідэальнае грамадства татальнай несправядлівасці.
Сумленнаму, шчыраму, а, значыць, непрактычнаму чалавеку ў такім грамадстве няма месца. Ён пастаўлены ва ўмовы, пры якіх у яго знікае павага да самога сябе. Адсюль — стрэс, ад стрэсу — выкіды ў кроў гармонаў трывогі, а гэта прымушае арганізм увесь час працаваць на павышанай хуткасці, як матор, якому не даюць адпачыць; адсюль вынік — хваробы, бяссонніца, хуткае старэнне.
— Па ідэі, — развіваў думку Адольф, — любая хвароба, ад грыпу да зубнога болю, справакавана такім грамадствам. І за тое, што я цяпер п’ю, я смела магу падаваць іск у Страсбургскі суд… на грамадства!
Во да чаго пачаў дагаворвацца дзядзька Адольф, вось у якія вышыні сягаў яго абвінаваўчы запал, во да такіх вялікіх наступстваў прывяла чалавека маленькая слабасць!
— І — перастаньце! — гнеўна звяртаўся ён да сваёй «аўдыторыі» (да жонкі). — Мне вашыя гульні ўжо надакучылі! Усё не так цікава, як здаецца напачатку. Выбачайце! Маё шанаванне! — насоўваў на галаву капялюх і выходзіў.
Праўда, працверазеўшы, Адольф прасіў у жонкі прабачэння, бажыўся, што нічога не памятае, што такога не магло быць, бо ён сябе ведае, ён па натуры добры, мяккі, нікому зла не жадае, не зайздросціць, і цвёрда абяцаў, што больш такога не паўторыцца.
Але яно паўтаралася.
Жонка ніколі яго такім раней не бачыла і цяпер са страхам сачыла за пераменамі. Яна і не думала, што ў яе мяккага, бяскрыўднага, далікатнага Адолі можа жыць усярэдзіне іншы чалавек — агрэсіўны, злосны. Яна з усіх сіл спрабавала ўратаваць сям’ю, спадзявалася, што муж апамятаецца, вернецца да сябе ранейшага, і ўсё ў іх зноў будзе, як у людзей, ладна, зграбна, прыстойна.
Скончыўся адпачынак — Адольф аднёс заяву «па ўласным». Думаў, будуць упрошваць застацца, хоць бы ўлічаць яго стаж, хоць бы спытаюць прычыну. Нічога падобнага! Загадчык аддзела кадраў — чалавек новы, супрацоўнікаў не ведаў, падмахнуў заяву з радасцю, бо і так камбінат ледзь ліпеў, трэба былі скарачэнні. Гэта яшчэ больш пераканала Адольфа ў тым, што цяпер любому на любога начхаць.
Ён атрымаў разліковыя, і на гэтыя грошы загуляў па поўнай. Ужо і не апраўдваўся, проста наліваў сам сабе і піў. Да жонкі пачаў чапляцца. Падкрэслена звяртаўся да яе на «вы», нібы яна была яму ворагам, нібы гэта менавіта яна, жонка, знарок стварыла грамадства татальнай несправядлівасці, спецыяльна зрабіла так, каб
— Я — Адольф! Папрашу запомніць! — стукаючы костачкамі пальцаў па стале, казаў ён (а жонцы слухай). — У мяне размова кароткая! Калі што — выбачайце!
Апранаўся, браў капялюш, кідаў пагардліва:
— Маё шанаванне!
Выходзіў, праз пяць хвілін як ні ў чым не бывала вяртаўся, вешаў капялюш, плашч і пачынаў новую лекцыю. Ён ужо забываўся, дома ён ці дзе.
Жонка да таго змучылася, што не вытрымлівала — сыходзіла, начавала ў сяброўкі, у суседзяў, каб толькі не чуць, не бачыць гэтага. І ўвесь час прасіла, каб ён схадзіў да доктара. А аднойчы сказала:
— Калі ты не зменішся, я падам на развод.
Адольф ухапіўся за гэтыя неабдуманыя, з гарачкі вымаўленыя словы.
— Ха — развод! Хоць зараз! Гаршчок аб гаршчок — і маё шанаванне!
Яны з Ірынаю і без таго ўжо не жылі разам (як муж з жонкаю), а цяпер Адольф яшчэ і аддзяліўся тэрытарыяльна: пасцілаў сабе на канапе ў другім пакоі.
Ён нават развёў цэлую тэорыю, што людзі проста абавязаны разводзіцца пасля 50 гадоў — незалежна ад абставін.
— Калі хочуць застацца людзьмі, — удакладняў Адольф.
Бо, паводле яго тэорыі, шкодна жыць разам так доўга. Добрыя пачуцці астываюць, нараджаюцца новыя, злыя, і пачынаюць труціць жыццё. А ў некаторых народаў не толькі жонку, нават імя трэба мяняць перыядычна. Нават працу, хоць самую любімую, рэкамендавана раз у сем гадоў мяняць у Японіі.
— Што я, Адольф, і зрабіў!
Беднай Ірыне Бацькаўне, галоўнае, памагчы не было каму. Сын у арміі, дачка са сваім азербайджанцам не магла разабрацца, да таго ж зноў была цяжарная. З адчаю Ірына Бацькаўна дазванілася Ніне ў Старушкі ў бібліятэку: прыедзь! памажы! мо хоць ты на яго паўплываеш! мо цябе паслухае!
Ніна прыехала з сынам Талянам. Першае, што радасна з парога заявіў Талян, было:
— А я, дзядзя, таксама разводзіцца думаю! Мне яна трэба была, тая жаніцьба?
Ніна пастарэла, але характарам не змянілася. Такая ж аскетычная, непрымірымая, з падціснутымі вуснамі. Яна ўздыхала асуджальна.
— Усё ад багацтва… Усе злыбеды. Меркантыльнасць, мяшчанства зяцягвае людзей у вір.
І зноў Талян:
— Я ад сваёй толькі і чуў — грошы, грошы… А дзе я іх вазьму? На заводзе з цямна да цямна, як да рэвалюцыі. Вось Лёнік, брацельнік мой, малайчына — блізка да сябе дзевак не падпускае! Цяпер такія дзеўкі, што лепш аднаму! Ды і які ён адзін? — прырода, лес, вада…
А за ім Нінка:
— Усё ад няма чаго рабіць. Жыць багата сталі. Бедныя не задумваюцца, у іх няма клопатаў, жывуць як набяжыць…
І Талян:
— А мне і з маёй мамкай Нінкай добра! Развядуся — і да Лёніка, да мамкі на Хутар пераеду. Дзяцей няма, аліменты плаціць не трэба… На армейскія ільготы буду жыць. Паспытаў чужога жыцця — хопіць! Прыеду на Хутар, да мамкі з Лёнікам, брацельнікам маім… Лепш нідзе ў свеце не знойдзеш!
Жонка сама не рада была, што іх запрасіла. Нічога яны не памаглі. Наадварот, пасля іх ад’езду Адольф, бачачы, што ўправы на яго няма, усё часцей устрайваў сцэны, і гэта нагадвала ўжо не маленькую слабасць, а сур’ёзную хваробу.