Ціша
Шрифт:
— У Парыж мяне звазіла, — стрымана пахваліўся Адольф.
Ніна заморгала вачыма. Замаркоцілася.
— Бач ты, — сказала з зайздрасцю, забыўшы пра меркантыльнасць. — А мае хлопцы адны і адны… Талян — на што ўжо добры, а і ён, бач ты, не падыйшоў…
— А хто мне трэба? — Талян перагнуўся цераз стол, абняў маці, пацалаваў: — Я адну сваю мамку Нінку люблю!
— Ты не п’еш, — заўважыла Ніна. — Аніяк? Ці толькі ў нас?
— Не цягне пасля бальніцы. Сам дзіўлюся! Людзі кадзіруюцца, па знахарах ездзяць, столькі мучаюцца…
— А ясі чаго мала? Ці нясмачна пасля Парыжа?
Перакінулася гутарка на Парыж. Адольф расказаў, што паветра там ў цэнтры горада чысцейшае, чым у нас у лесе, ці на беразе рэчкі.
— Проста носам, лёгкімі адчуваеш.
— А елі што?
— Рыба, куры, мідыі, сыры, бульба, мяса, аліўкі… А-а, суп з памідораў — гаспача.
— Жабы елі, дзядзя? — згараючы ад цікаўнасці, спытаў Талян. — А то Лёнік зараз адскочыць, наловіць.
— Не. Гэта ўсё дарагое, у асобных рэстаранах, мы ў такія не хадзілі…
Лёнік, які за ўвесь абед не вымавіў ні слова, не падняў ад стала вачэй, нешта сказаў, але так ціха, што пачуў яго толькі Талян.
І Талян, як перакладчык, радасна аб’явіў усім:
— А Лёнік еў! Жабу! Заблудзіўся ў лесе, злавіў камышовую жабу, спёк і з’еў!
— І што? — спытаў Адольф.
— Смачная, — прашаптаў Лёнік, гледзячы ў талерку.
— Галоўнае, без солі, дзядзя!
— З голаду ўсё смачнае, — сказала Ніна.
— А вось я ў Парыжы смаку зусім не адчуваў. Што ні ем — усё аднолькава. Акліматызацыя, можа. А ў вас тут звычайная яечня, шкваркі, памідор… Вазьмі бульбу…
Адольф узяў бульбіну, разламаў, прысаліў:
— Сопкая, развальваецца — і пахне!
— Там усё геннамадыфікаванае, — сказала Нінка.
— Мы, дзядзя, толькі сваё ядзім! — гарлапаніў Талян. — Ядзім свяжак, п’ем пяршак! Лёнік нам дастане і кабана, і рабчыка, і ліна…
Лёнік страшэнна канфузіўся, чырванеў, не ведаў, куды падзецца.
— Што я ў параўнанні з Лёнікам? Нішто! А Лёнік — о-о-о, гэты службу ведае!
Лёнік, не могучы больш быць у цэнтры ўвагі, так засаромеўся, што не вытрымаў, ускочыў, перакуліўшы з грукатам табурэт, і кінуўся з хаты. Ніна з Талянам аніяк на гэта не адрэагавалі. Ніна толькі са скрухай паглядзела яму ўслед.
— Шкада маіх хлопцаў… Не сучасныя яны. Добрыя. Добрым цяпер не выжыць. А дзеўкі ўсе пайшлі паганыя, маркантыльныя… Самі не ведаюць, чаго ім трэба. Вось у Таляна была… Грошы… Дык ты палюбі спачатку хлопца, а тады будуць грошы.
Адольф спаважна, аўтарытэтна параіў:
— Тут трэба падыход ведаць…
— Во — правільна дзядзька сказаў! Каго я люблю, дык гэта свайго дзядзьку!
Талян не паленаваўся абысці стол і пацалаваў Адольфа ў лысіну.
— Скажа — як у дзесятку ўлепіць!
А Ніна, уздыхнуўшы, рэзюмавала:
— У Адолі шчасліва доля.
Адольф не застаўся начаваць, як яго ні прасілі.
— Ну,
На двары Адольф спаласнуўся з меднага, пазелянелага, як парыжскія помнікі, умывальніка каля частакола, і, выціраючы рукі шорсткім саматканым ручніком, кіўнуўшы на частакол, спытаў у Таляна:
— Ад каго так бароніцеся?
— Здагадайцеся!
— Ваўкі?
— Не, не ваўкі.
— Ну, не ведаю… Людзі?
— Не людзі.
— Здаюся.
— Падумайце яшчэ.
Талян з добрую хвіліну маўчаў, глядзеў на дзядзьку, нібы раздумваў, казаць ці не. Глыбока зацягнуўся цыгарэтай.
— Рысь! — выдыхнуў разам з дымам. — З-пад Мазыра прыйшла! Усіх кацянят з куранятамі паела!
— А можа, з-пад Лоева? — усміхнуўся Адольф.
— Калі Лёнік сказаў — з-пад Мазыра, значыць, з-пад Мазыра.
Талян узяўся правесці дзядзьку да станцыі. Усю дарогу рот у яго не закрываўся, у Адольфа звінела ў вушах ад гэтых «мамка ды мамка, Лёнік ды Лёнік».
— Тут, вам, дзядзя, не Парыж! Жывем самі бачыце як — як у раі! Усё ёсць. Грэх скардзіцца. Тут, на прыродзе, лягчэй. Натуральная гаспадарка. Карова, кабан… Ні ад кога не залежыш. А грошы? — мамчына пенсія ды яшчэ бібліятэка, мае армейскія… Льготы ж у мяне ёсць. Я на льготы жыву… Лёнік…
Талян закашляўся.
— Сэрца спыняецца, задышка, — вінавата сказаў. — Б’ецца — а тады раз, і ўніз падае… Лёнік, вы ж ведаеце, дастане ўсё з лесу, дзічыну, рыбку здабывае… Ого-го, наш Лёнік… Усё ведае! Дзе табе глушэц, дзе цецерук, дзе ліна паймаць, дзе сазана… Да нас толькі і пад’язджаюць машыны! Бачыце, якая дарога? — Талян тупнуў нагою. — Машыны так і шнуруюць, так і гойсаюць туды-сюды! Кожную ноч, лічы. Пакажы кабана! пакажы глушца! пакажы курапатак!
— І Лёнік паказвае?
— Не ўсім. І не адразу. Лёніка так проста не купіш. Ён жа шкадуе, як не шкадаваць? — павыбівалі ўсё, курапаткі на знойдзеш, а раней як галубы на гарадскіх вуліцах — ідзеш па лесе, пырх з-пад ног штук дваццаць! — за спінаю зноў селі. А цяпер знайдзі курапатку! У саміх вудкі за тысячу даляраў, сеткі, электравуды… Стрэльбы дарагія, з оптыкай… А толку, калі не ведаеш, куды страляць? Вось і пруцца ўсе да Лёніка. Грошы дастаюць — я столькі не бачыў, і ніхто столькі грошай не ўбачыць! У далоні пачкі не ўмяшчаюцца! Але ён да грошай абыякавы, паперкі і ўсё. Яму прырода даражэй.
— А не баіцца ён? — спытаў Адольф. — Гэтыя ж браканьеры страшныя людзі. На ўсё здатныя.
— Лёнік? Ну вы сказанулі, дзядзя! Вось толькі мы з мамкай Нінкай баімся за яго, — уздыхнуў Талян.
— Усё-ткі пагражаюць?
Талян вытрымаў паўзу, як і тады, калі расказваў пра рысь. Прамовіў значна:
— Усяляк бывае. Толькі, дзядзя — маўчок! Я вам нічога не казаў!
— Ну вось бачыш, — сустрэла Адольфа Тамара, — нічога страшнага, з’ездзіў, праведаў… Як яны?