Ціша
Шрифт:
Адольф прыходзіў дамоў (у чужую кватэру), уключаў тэлевізар. Ехала машына па летняй палявой дарозе. Музыка, барабанны дробат. Пасярод поля маладая прыгожая жанчына, гледзячы на машыну, прыціскала да сябе маленькага сына. Машына пад’ехала, спынілася. Адчыніліся дзверцы. Малады чалавек выйшаў, зняў цёмныя акуляры і пачаў уважліва глядзець на жанчыну з сынам. Буйным планам фары, капот, колы. Музыка ўсё больш трывожная. Крокі. Жанчына прыціснула да сябе сына.
«Здравствуйте».
Паўза.
«Здравствуйте».
«Извините, я ищу Алексея
Паўза. Музыка дасягае піку трывожнасці. Раптам — цішыня.
«А его нет».
«А где же он?»
Паўза. Малы ціснецца да маці.
«А он продал мне дом и уехал в Логойск».
Паўза, неба, вялізныя, як фары, вочы малога. Малады чалавек надзеў цёмныя акуляры і пайшоў да машыны. На паўдарозе рашуча павярнуўся і пайшоў назад да жанчыны.
«Извините, могу ли я с вами поговорить?»
— А да гэтага ты што рабіў? — пытаўся ў тэлевізара Адольф.
Доўгая паўза, музыка, сіняе неба з белымі воблакамі, увесь у кветках луг.
«Так могу ли я с вами поговорить?»
«Да. Идёмте в дом».
Адольф пераключаў на другі канал. Зноў машына, толькі едзе па гарадской вуліцы. Едзе доўга. Спыняецца. Адчыняюцца дверцы. Выходзіць малады чалавек. Зачыняе дзверцы. Бабулькі каля пад’езда. Кожнай твар — буйным планам. Марудна падыходзіць. Музыка пачынае выдаваць трывожныя ноткі. Хвіліна маўчання.
«Здравствуйте».
Паўза. Кожная з недаверам разглядвае маладога чалавека.
«Здравствуйте».
«Простите, мне нужна ваша соседка Алефтина Валентиновна Воскобойникова из 32 квартиры».
Паўза. Камера пераскоквае з аднаго твару пенсіянеркі на другі. На тварах трывога.
«Или вы её не знаете?»
Паўза.
«Почему — знаем».
«И где же она?»
«А она уехала на дачу».
«Где находится дача, конечно, не знаете?» — без усялякай надзеі спытаў малады чалавек.
Музыка дасягнула апагея трагічнасці: вось-вось павінен быць стрэл, ці выбух, ці хоць бы нечаканае слова… Маўчанне — дзве хвіліны. Буйныя планы ўсіх герояў па чарзе.
«Почему не знаем — знаем…»
V
Прыехаў сын — нечакана, без званка, без папярэджання, сярод белага дня. Томы дома не было, толькі на кухні Вадзім, які заскочыў на хвілінку, папрасіць малаток, спакойна, с апетытам, еў. Убачыўшы маладога Адольфа Адольфавіча, хутка ўстаў:
— Вадзім, грузчык з ЦУМа.
Сын не проста ў адведкі прыехаў, а прасіць грошы на адваката. Папаўся на сваіх «спайсах», і цяпер яму «свяціла» ці то нейкае пасяленне, ці «хімія», ці «ўмоўна», ці то прымусовыя работы — у залежнасці ад сумы, якую ён спадзяваўся выцыганіць у бацькі.
Адольфа проста перасмыкала ад адной толькі гэтай лексікі. Якія адвакаты, «хіміі», суды?.. Сын ляпнуў яго па плячы і, каб павесяліць, працягнуў руку:
— Бачыш, як палец з пальцам размаўляе?
І праўда, пальцы трэсліся.
— А як там… маці? — спытаў Адольф
— Што ёй станецца? Усё хварэе. Паказваў ёй здымкі твае. Во, на тэлефон
— А… Іра?
— І Іра хварэе. Не дом, а бальніца. Азер п’яны прыходзіць, скандаліць… Не дом, а бахчысарай. Дык ты паможаш?
Адольф моўчкі падыйшоў да шафы і даў роўна, колькі сын прасіў — з агульных іх з Томаю зберажэнняў.
Потым, калі машынай падвозіў сына на вакзал, да электрычкі, той усё лез пад рукі: «Ну ты падняўся! Не, ты, ты…»
— Баця, побач з такой тачкай — ты салідны! Шчыра скажу. Ганаруся. Паважаю. Дай, абдыму цябе!..
Абняў, пацалаваў, пайшоў да перона хуткай хадой дзелавога чалавека. Расхлістаны, бесталковы… Адольф сеў у машыну (сесці… адрэгуляваць сядзенне і нахіл спінкі… нахіл рулявой калонкі… люстэркі задняга віду…)
«Пахудзеў!» А сама хварэе… А ён думаў уразіць яе здымкамі, Парыжам, дачай, шашлычкамі ды машынамі — «раскошаю». А яна толькі і заўважыла, што пахудзеў. За год адно слова. І гэтае слова пераважвала ўсё — усе яго набыткі, поспехі, жарсці, выкрыванні, праблемы.
У Адольфа ледзь слёзы не выступілі. І палезла ў галаву розная сентыментальная драбяза. Напрыклад, як яна, сірата, плакала ад шчасця, калі ён зрабіў ёй прапанову. Або як ён аднойчы у час «выкрывання» змахнуў са стала любімы жончын кубак, разбіў яго, а яна толькі і сказала: «На шчасце». Як ездзіла да яго ў бальніцу праз увесь горад.
Ён з нейкай мазахісцкай упартасцю пачаў успамінаць адно за адным нязначныя, маленькія выпадкі, дэталькі, эпізоды. Як яна была цяжарная сынам і ціха дзялілася з мужам, што ад такога таленавітага бацькі абавязкова народзіцца незвычайны, адораны сын… А як яна радавалася, калі ён купіў мапед і зможа цяпер выязджаць «на натуру», маляваць акварэлькі! Заўсёды перахрышчвала яго перад кожнай паездакай, каб не трапіў у аварыю… Смешная! Мо таму ніколі і не патрапіў, нават паддаты.
Ён успамінаў — і расчульваўся. Як усё адносна, як умоўна. Сядзець у «Вольве» і з пяшчотаю ўспамінаць мапед… Бачыла б яна яго цяпер… І тут упершыню ў яго курынах мазгах раптам праскочыла людская думка — узяць вось зараз ды рвануць на кальцавую, а там у гарадок на Дняпры! Зайсці, стаць на…
Яму пастукалі ў шкло: давай, ад’язджай! Ён паслухмяна крануўся. Робячы левы паварот, ледзь-ледзь размінуўся з трамваем. Іскры з дроту, віскат чыгунных колаў аб рэйкі… Ён пакорліва праглынуў: «Чмо!!!» — і яшчэ некалькі мацюкоў наўздагон ад раз’юшанай жанчыны-кіроўцы, што высунулася да пояса ў акно. Толькі калі ад’ехаў далёка ад вакзала, працадзіў праз зубы:
— Маё шанаванне.
Калі Тома зайшла ў кватэру, ёй адкрылася такая карціна: мальберт, выпэцканыя анучкі, фарбы, цюбікі, грунтоўка, пэндзаль… На стале амаль пустая бутэлька гарэлкі. Адольф сядзеў, падціснуўшы пад сябе босыя ногі, і ціха наігрываў «Чобаты».