Лабух
Шрифт:
— Ну, з чым прыйшоў? Амністыя мне?..
Напускное, паказное нахабства ягонае нічым не адрознівалася ад нахабства натуральнага.
— Піздзец табе, а не амністыя, — сказаў я, сядаючы, і спытаўся ў брата. — Колькі даюць за спробу наўмыснага?..
Міліцыянт адказаў, не задумваючыся:
— Колькі захочуць...
— Не ўгаварыў жыда? — з тым жа нахабствам, але з нахабствам заклапочаным спытаў Крабіч.
— Росцік не пры чым, ён не пісаў ніякай заявы. Шыгуцкі даў ход тваёй справе.
—
— У цябе конь пад боем, мудзіла! — ткнуў пальцам у дошку Крабіч. — Падла... А парыліся разам, пілі... — Крабіч падсунуў да мяне шклянку. — Будзеш?
— Не.
— Ну, не пі... — Алесь наліў сам сабе і, не запрашаючы брата, выпіў. — Выходзіць, дарма я Росціку патыліцу праламаў, Шыгуцкаму трэба было...
Брат глянуў на яго і крутнуў галавой. Наўрад ці з-за гарэлкі... Выглядаў ён рашучым, і я спытаў:
— Вы следчага Патапейку ведаеце?
— З большага. Мы ў розных службах.
— А ведаеце каго-небудзь, хто яго добра ведае?
— Можна знайсці...
— Пашукайце... Трэба спаткацца з ім праз некага са сваіх, каб з даверам...
Я, зразумела, думаў пра сябе, прымроіўшы раптам нейкі шанс на тое, што Патапейка, якога гэбэшнікі, забраўшы ў яго справу, адсунулі ўбок, мог і пакрыўдзіцца... А ўжо хто-хто, а ён дакладна ведаў, што Ігара Львовіча я не забіваў.
Сяргей думаў пра брата.
— Калі за гэтым Шыгуцкі, дык без толку... Што ў міліцыі, што ў пракуратуры ад аднаго прозвішча ягонага калоцяцца.
Крабіч загрыз гарэлку цыбулінай, цалкам цыбуліну без хлеба згрыз — і хоць бы паморшчыўся, ці слязіна выступіла...
— Ты чаго на вы да яго, да мента паганага?.. На хрэна наогул ён у ментах мне здаўся, калі дапамагчы не можа!..
Сяргей пахадзіў канём.
— Калі б не я, ты б даўно ўжо сядзеў. І шах табе ад майго каня пад боем...
Яны былі зусім не падобныя адзін на аднаго, гэтыя браты, брат-каталік і брат-гугенот. Для мяне куды лепей было б, каб Сяржук быў Алесем, а Алесь Сержуком.
— Красевіч табе прывітанне перадаваў, — сказаў я Алесю.
— Пайшоў ён...
— Чаго так?.. Ён жа прызнаўся табе, што любіць нацыяналістаў.
— Затое я не люблю.
— Каго?
— Нацыяналістаў!
Тут нават брат-міліцыянт здзівіўся:
— Во!.. А як сябе любіў.
Крабіч адышоў каралём.
— Сябе я люблю, хто мяне яшчэ палюбіць? І ёсць за што... А іх за што любіць?.. Ва ўладзе былі — здалі ўладу! Беларусь прасралі! Вольную прасралі Беларусь! Зноў кінулі пад маскалёў — і разбегліся, як пацукі!..
Ён проста бег мне насустрач...
— Ты ж з імі быў... — пачаў я, але Крабіч не даў дагаварыць.
— Ты ж з імі быў! А з кім
— Бо сам сярун, — сказаў брат. — Зноў шах табе.
— Правільна, сярун! — нечакана згадзіўся Крабіч. — І яшчэ — каб з некім быць, хоць з імі... Вас у міліцыі гуляць у шахматы вучаць?..
— Серуноў вучаць біць... У міліцыі больш нацыяналістаў, чым у народным фронце.
— З чаго гэта?.. З гаўна?..
— З таго, з чаго ўсе злеплены... Але ў нас народу больш. Сто дваццаць тысяч. А народны фронт ваш выйдзе ў тры тысячы на вуліцу і галёкае: перамога!.. Адзін супраць сарака.
— Падлічыў?.. Раней у сто выходзілі...
— Раней мы вас і не білі, не заўважаў?.. Міліцыя — сама сіла, таму і любіць сілу.
— Мат табе, — змахнуў фігуры з дошкі Крабіч. — І не піздзі.
Сяргей сабраў шахматы.
— Да канца гуляюць, калі ўжо бяруцца... Да выніку. А ты, ды ўсе вы, раз — і фігуры з дошкі. З засранай уладай не гуляем... Ну і не гуляйце.
— Я паэт, — зноў наліў сябе Крабіч. — Сам з сабой гуляю... Табе гульні такія і не сніліся. Гульні жаданняў! Э, ды што з табой...
— Сплю спакойна, — адсунуў шахматную дошку на край стала Сяргей. — Мент любой уладзе патрэбны. Не тое, што паэт.
— Ды я ў сто разоў ім болей патрэбны, чым ты! — узвіўся Крабіч. — Толькі хрэн я ім дамся!..
Сяргей наліў сабе.
— Ты ўжо даўся... За пралом галавы і пры нацыянальнай уладзе судзяць, і пры антынацыянальнай. Пасадзяць і сядзець будзеш.
— Во... — прызваў мяне ў сведкі Крабіч. — І гэта брат кажа...
Ён відавочна нерваваўся... Калі яго пасадзяць за Росціка, ніякай гульні з гэтага не зробіш. Ні нацыянальнай, ні антынацыянальнай. Пасадзяць і сядзець будзе.
— Ну і сяду, — выпіў Крабіч. — Бі жыдоў, ратуй Расею... Цьфу!..
— Можа, і вам?.. — пытаючыся, наліў мне Сяргей. Я чокнуўся з ім: зноў сяброўскае кола...
— Красевіч праз Шыгуцкага абяцаў дамагчы вашаму брату. Калі брат яму дапаможа.
— І ў чым дапамагаць гэтаму підару?.. — спытаў, толькі цьфукам закусіўшы, Крабіч.
— У выбарах...
— Разам з табой?
— Разам са мной.
Крабіч вылупіўся на мяне:
— Ты што, ахрэнеў!?.
Іншай рэакцыі ад яго я і не чакаў, але побач быў брат-міліцыянт, які сказаў разважліва:
— Пра Красевіча я чуў ад сваіх... З яго ці не новага міністра нашага ляпіць збіраюцца. І калі ён возьмецца...
— Міністра? — перапытаў я. — Унутраных спраў?..
— А што нам да знешніх... — выпіў Сяргей і адразу выявіў свой інтарэс. — Вы як Красевіча ведаеце?..