Ціша
Шрифт:
Адольф адказваў:
— Ды не — я ў зат эс-пэ-эм.
— А што ты там робіш?
— Авалодваю камп’ютарам.
— Ух, ты! Вось жучара!
Зрэдзьчас Адольф званіў дачцэ. Але ёй званіць было без толку, яна ведала пра маці яшчэ менш, чым Адольф; гаварыла надрыўна, плаксіва, а калі і крыкліва, і ўсё скардзілася, ныла, ва ўсіх сваіх бедах вінавацячы бацькоў. Да таго ж адзін раз яе мабільнік узяў зяць-азербаджанец — відаць, спадзеючыся наляцець на жончынага палюбоўніка. Пачуўшы ў трубцы грубы голас з акцэнтам, Адольф так перапалохаўся, што сам змяненым голасам пачаў прасіць прабачэння — маўляў, памылка, не
«Усё ж гэта часова! Гэта ж проста эксперымент! Я ж проста спрабую, я ж не ўсур’ёз!» — у думках апраўдваўся ён перад Ірынай Бацькаўнай, перад сабой і яшчэ чамусьці перад зяцем-азербайджанцам.
«Ну калі само цячэ, у рукі падае, пад ногі коціцца — што ж мне, адфутбольваць яго?»
«Я ж не ідыёт, каб не выкарыстаць такі шанс… Я ж не хлушу, не краду, не забіваю…»
«Проста пажыву, пагляджу вопыту набяруся… Камп’ютарам авалодаю… А там, калі што не па мне — дык гэта лёгка робіцца: гармонік, мальберт забраў — і маё шанаванне! Выбачайце!»
Адольф успамінаў, як падказвала яму наіўная Тома яшчэ ў санаторыі: трэба лічыць усё як бы «творчай камандзіроўкай», «бестэрміновым адпачынкам за свой кошт».
Ну, так. Камандзіроўка. Адпачынак. А да Ірыны Бацькаўны ён у любы час паспее вярнуцца. Калі? Ну… калі прыспічыць. Можа, крыху пазней. Толькі не цяпер. Вернецца не крызісным п’яніцам, а чалавекам, упэўненым у сабе, багатым, разумным, застрахаваным ад крызісаў.
Быў тут яшчэ адзін важны момант. У глыбіні душы Адольф выдатна разумеў, што калі б не Ірына Бацькаўна — і адносіны Томы да яго былі б іншыя. Жонка з’яўлялася неабходным балансірам, які ўраўнаважваў. Не будзь яе — наўрад ці Адольф пачуваўся б у чужой сям’і прывольна. А пры такім раскладзе ў яго заўсёды была пра запас надзейная падстрахоўка — тыл быў яму забяспечаны, плацдарм для адступлення гарантаваны. Пакуль Ірына Бацькаўна маячыць недзе на заднім плане, датуль з ім будуць насіцца і тут.
ІІ
А Тома насілася з ім.
Ненасытная ў ложку, яна да ўсяго яшчэ надта ж смачна гатавала. Даведаўшыся, што Адольф аддае перавагу нацыянальным беларускім стравам, яна варыла яму капусту з белымі грыбамі, пякла бліны і рабіла мачанку са смажанымі рабрынкамі. Яйкі, мяса, сухія баравікі і салёныя грыбы купляліся толькі на базары — «свае», а капуста, бульба, цыбуля, усялякая гародніна былі з дачы.
Не забывала яна пра Адольфаў рэкамендацыйны ліст, таму рацыён яго папаўняўся курагой, разынкамі, арэхамі. Плюс па настойлівай яе просьбе ён кожны дзень аддаваў мінімум гадзіну ціхай, няспешнай хадзе перад ядою і перад сном.
З Томай праблем не было. Затое кожныя выхадныя абавязкова прыходзілі ці адстаўнік з жонкаю, ці Вадзім з Сафі і з дзецьмі. Вялага, апатычнага Вадзіма цікавілі толькі дзве рэчы: чарка і шкварка, прычым не ў пераносным плане, а ў самым што ні на ёсць прамым, менавіта — ён піў толькі гарэлку з гранёнай чарачкі і закусваў толькі падсмажанымі шкварачкамі, каб храбусцелі на зубах. Выпіць ён мог столькі, колькі налівалі, а шкваркі з’есці ўсе, што стаялі перад ім, і патэльню вымачаць лустай хлеба. Яшчэ ён ажыўляўся, калі размова заходзіла пра жанчын, або калі ў тэлевізары паказвалі любую асобу жаночага полу: ад юнай спявачкі да якой-небудзь пажылой дыктаркі. Вадзім пераставаў жаваць, сківіца ў яго адвісала, у куточках рота выступала сліна, якую ён забываў зглынуць
Красуня Сафі гаварыла «о’кей», ведала на аднолькавым размоўным узроўні — інакш кажучы, аднолькава кепска — усе мовы, якія толькі ёсць на свеце, сама вадзіла машыну, неаднойчы па справах і без справаў бывала за мяжою — і разам з тым зусім не разумела гумару. Ні разу Адольф не бачыў, каб яна ўсміхнулася.
— Вы, я чула, авалодваеце камп’ютарам, — сур’ёзна казала яна Адольфу. — Яшчэ не завялі блог? Дарэмна. Раю вам гэта зрабіць.
— Ай, я ўжо стары, — дабрадушна адказаў Адольф, на што атрымаў строгае:
— Агаворка па Фрэйду.
Яе любімай кнігай была брашура «Як дасягнуць поспеху». Сафі падсаджвалася да Адольфа, гартала старонкі, лакаваным пазногцем падкрэслівала патрэбныя, найбольш важныя месцы. Прыступка першая… другая… пятая… І ў канцы кожнай прыступкі — уменне забываць пра няўдачы, а імкнуцца толькі ўверх. Адольфу ўяўляліся галовы і плечы, па якіх трэба караскацца. Ён удыхаў яе пах, быў так зачараваны ёю, што пасля двух-трох выхадных махнуў рукой і перастаў рабіць спробы ў нечым разабрацца. Мінск! — іншая, асобная дзяржава, тут усё магчыма, і такія сем’і, як Сафі з Вадзімам, і «Вольва» з Парыжам, і такія, як Тома, чараўніцы-жанчыны, і праца, дзе нічога не трэба рабіць, пад назваю «авалодванне камп’ютарам»…
Настачка з Дзімам, мілыя, таленавітыя, здаровыя, разумныя дзеці (яшчэ адно дзіва — у такога бацькі) — цешылі Адольфа, як родныя. Яны звалі яго «дзядзька Адольф» — акрамя іх і Тамары, усе астатнія пазбягалі звяртацца да яго па імені, а казалі проста — «вы». Наста даказвала яму, што варона — самая кепская птушка, таму што назва яе — ад слова «вараваць», а таксама дзялілася сваёй бядой: «Ведаеш, мяне яшчэ ні разу ў жыцці не кусала аса, ці хаця б пчала…» Малы Дзімка, якога Адольф паабяцаў навучыць іграць на гармоніку «Чобаты», калі той будзе паслухмяным хлопчыкам, моўчкі ўзяў гармонік, накінуў на плечык шлейку і сыграў пачатак накцюрна Шапэна, не схібіўшы ні ў адной ноце.
На наступныя выхадныя з’яўлялася старэйшае пакаленне. І тут ужо Адольфу даводзілася трымаць вуха востра. Гэта было для яго сапраўдным выпрабаваннем. Томіна маці яшчэ так-сяк; яна толькі настойліва падкрэсліва сваю другаснасць:
— Я тут не гаспадыня, — казала ласкава, а вачыма па-ранейшаму прасвечвала Адольфа, як рэнтгенам.
У сваю чаргу, гледзячы на яе, на гэтую зморшчаную высахлую мумію, Адольф заўсёды асабліва востра адчуваў бязлітаснасць часу, і тое, што чалавек — смяротны.
Але сама няўтульна было з палкоўнікам-адстаўніком. Хаця Адольф і здагадваўся, што насамрэч гэта звычайны які-небудзь былы гэбісцік, невялікі шэранькі кардынальчык, — але тым не менш: з самага пачатку, яшчэ завочна, з Томіных расказаў у санаторыі ён быў акружаны таемным арэолам усемагутнасці. У Тамарынай падачы ён паўставаў як добры маг, чарадзей. Ён робіць візы, пашпарты, мае сувязі, уладкоўвае на блатныя працы, — для яго няма нічога немагчымага. Яшчэ да таго, як яны пазнаёміліся, ён пачаў уплываць — тайна і яўна — на Адольфаў лёс, кіраваць ім, карэкціраваць яго.